Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «САЛЯРЫС. ДАНАТАС БАНІЁНІС»

  • 31.10.2019

31 кастрычніка 2019 г. а 18–й гадзіне ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – адкрыецца выстава «САЛЯРЫС. ДАНАТАС БАНІЁНІС», падрыхтаваная супрацоўнікаміи Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва. Яна стане часткай культурнай праграмы XXVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Рэжысёр Андрэй Таркоўскі яшчэ ў 1968 годзе задумаў экранізаваць навукова–фантастычны роман “Салярыс”, які польскі пісьменнік Станіслаў Лем напісаў у 1961 годзе. Аднак пасля пастаноўкі кінафільма “Андрэй Рублёў” (1966), які не адпавядаў тагачаснай ідэалогіі, а таксама з іншых прычын Таркоўскі доўгі час не меў дазволу здымаць фільмы. І тое, што перакладзены ў 1961–м на рускую мову “Салярыс” пераадолеў усе цэнзурныя перашкоды і атрымаў дазвол на экранізацыю, было нечаканасцю і для самога Таркоўскага.

Чаму так здарылася? Таму што фільм планаваўся як адказ савецкай кінаіндустрыі на навукова–фантастычны фільм Стэнлі Кубрыка “2001 год: Касмічная адысея” (1968). Розніца ідэй абодвух фільмаў забяспечвала канкурэнцыю прынамсі ў галіне тэхнічнай рэалізацыі стужкі, на якую былі выдаткаваныя вельмі значныя на той час сродкі – мільён рублёў. Для Таркоўскага гэта быў і фінансавы паратунак, і магчымасць стварыць адзін з найвялікшых кінафільмаў.

Першы сцэнар, напісаны Таркоўскім сумесна з Фрыдрыхам Гарэнштэйнам, не задаволіў ні Камітэт па кінематаграфіі СССР, ні Станіслава Лема. Пасля змяненняў і правак сцэнар зацвердзілі, хоць Лем застаўся незадаволены канчатковым варыянтам.

Галоўную ролю астранаўта Крыса Кельвіна выканаў літоўскі акцёр Данатас Баніёніс, хаця з–за выразнага акцэнту яго агучыў іншы акцёр. Роля жонкі Кельвіна была даручана 18–гадовай атрысе Наталлі Бандарчук, якая ў свой час і дала Таркоўскаму пачытаць раман Станіслава Лема “Салярыс”.

Здымкі фільма вяліся з невялікімі перапынкамі з сакавіка па снежань 1971 года.

У 1972 годзе фільм “Салярыс” узнагароджаны Гран–пры Канскага кінафестывалю.

Творчая спадчына Данатаса Баніёніса захоўваецца ў Літоўскім архіве літаратуры і мастацтва. На выставе супрацоўнікі архіва прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, якія раней нідзе не дэманстраваліся: два варыянты сцэнара, працоўны дагавор, лісты і тэлеграмы, перапіску Баніёніса з Таркоўскім, першыя паведамленні ў друку пра пачатак працы над фільмам, фатаграфіі са здымачнай пляцоўкі, кадры з фільма, інфармацыйныя матэрыялы Канскага кінафестывалю 1972 года, успаміны і іншыя сведчанні таго, як акцёр Данатас Баніёніс бачыў, адчуваў, разумеў фільм “Салярыс”.

Куратар выставы – дырэктар Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва, дацэнт, доктар Юозапас Блажюнас / Juozapas Blažiūnas.

Месца правядзення: выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (г. Мінск, вул. Свярдлова, 4; тэл. 327–10–75; +37529 627–10–75).

Час працы: штодня з 11.00 да 19.00 (каса: 11:00 – 18:30).

Кошт квіткоў: школьнікі – 2 руб., студэнты – 2,5 руб., дарослыя – 3,5 руб.