Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”: ліра колавая

  • 14.10.2019

У зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца музычны інструмент са збору былога Беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні – колавая ліра пачатку ХІХ стагоддзя. Здаецца, ніякі іншы музычны інструмент не зведаў столькі ўзлётаў і перыядаў забыцця, як гэта здарылася з колавай лірай. Першыя выявы ліры сустракаюцца яшчэ ў ХІІ стагоддзі, тады яна была даволі грувасткай і яе абслугоўвалі сам музыкант і яго памагаты. Наступнае стагоддзе прынесла ёй папулярнасць – ліра стала незаменным элементам сярэдневечнай культуры менестрэляў. Але хуткаплынная мода (у тым ліку і на музыку…) пераўтварыла ліру XV стагоддзя ў інструмент жабракоў і бадзяг. З прыходам эпохі барока яна зноў папулярная, на гэты раз – сярод арыстакратаў, якія захапіліся прыгажосцю вясковага побыту. Цікавы факт: апошняга лірніка на вуліцах Мінска можна было сустрэць у канцы 1940–х гадоў.

Колавая ліра 1809 года, якая будзе экспанавацца на выставе “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”, пасля расфарміравання ў 1944 годзе Беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя Луцкевіча ў Вільні трапіла ў збор Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адкуль была перададзена Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) у 1957 годзе.