Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Ніць знікаючых успамінаў"

  • 08.10.2019

8 кастрычніка а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы "Ніць знікаючых успамінаў" у рамках агульнага праекта "Ніць сувязная".

Мастацка–дэкаратыўныя вырабы Губарэвіч Алы, прадстаўленыя на гэтай выставе, яднае канцэпцыя “ніці сувязнай”, – метафарычнае выражэнне непарушнай сувязі існавання чалавека з прыродай, спляценне яго ўражанняў і ўспамінаў, прасторы і часу.

Па адукацыі Ала хімік і філосаф, і гэтая частка яе біяграфіі вызначыла падыход да ўласнай творчасці, да фарміравання ўласнага погляду на мастацтва, свайго «экабрэнда». Па–першае, у сваёй практыцы яна аддае перавагу натуральным матэрыялам: ільну, бавоўне, шоўку, воўне. Аўтар мяркуе, што менавіта ў іх, у адмысловым пераўтвораным выглядзе, змяшчаецца энергія сонечнага святла, якая спрыяльна ўздзейнічае на чалавека.

Па–другое, аўтар выкарыстоўвае менавіта простыя “невысокародныя” тэкстыльныя матэрыялы, часта рэшткі мастацкіх рамёслаў – ласкут, стужку, тасьму, кудзелю, – якія праз гэта атрымоўваюць новае жыццё. Па–трэцяе, у сваіх працах майстар імкнецца ствараць такі дызайн, каб яго мастацкі змест заставаўся б доўга актуальным, каб ён “удзельнічаў” у жыцці чалавека, незалежна ад змены модных поглядаў. Па–чацвёртае, аўтар дэманструе строгі падыход да колеру, яго адценням, каляровай палітры цалкам. Разглядаючы колер як галоўную эстэтычную кампаненту мастацкай творчасці, аўтар разам з тым далучаеца да сцвярджэнняў сучаснай тэорыі хроматэрапіі аб фізіялагічным і псіхалагічным уздзеянні колеру на арганізм чалавека. У працах можна прасачыць пераходы колеру ад аднаго да другога, гульню адценняў ад пяшчотна пастэльных да насычаных яркiх, гармонію і эксцэнтрычнасць фарбаў.

Прадстаўленыя на выставе пано выкананы ў асабістай змешанай тэхніцы, якую аўтар назвала “art–thread” (“ніць–мастачка”). Гэта не аплікацыя і не ткацтва ў іх класічным выглядзе, а ўнікальная аўтарская манера.

Сваеасаблівая тэхніка і выкарыстанне разнастайных па колеру, фактуры і складзе тэкстыльных матэрыялаў далі магчымасць аўтару стварыць унікальныя, як абстрактныя, так і натуралістычныя сюжэты, нагадваюць жывапісныя палотны. Ніці выступаюць тут не толькі ў ролі традыцыйнага сродку для сшывання і вышыўкі, але і ў якасці складанай гнуткай дэкаратыўнай структуры, своеасаблівых “мазкоў” мастака. Яны віюцца на палатне, як жывыя, нагадваючы пра рух прыродных стыхій: ветру, хваль і аблокаў. Ніці ў працах Алы ўкладваюцца на тканіне фантастычным малюнкам, матэрыялізуючы таемныя эмоцыі, нацыянальныя архетыпы, гістарычную народную памяць.

Усяго ў арсенале Алы Губарэвіч больш за 120 мастацкіх твораў. Самабытныя насценныя дыванчыкі, пано, дэкаратыўныя падушачкі, сурвэткі, подсцілкі на крэслы і канапы і іншае, стануць належным упрыгожаннем любога інтэр'еру, зробяць цудоўную атмасферу цяпла і утульнасці.

Аўтарка–удзельніца шматлікіх айчынных і замежных мастацкіх выстаў, дзесяць з якіх персанальныя. Вырабы Алы Губарэвіч выкарыстоўваюць у інтэр'ерах шэрагу прыватных дамоў Масквы, Санкт–Пецярбурга, Вільні, Рыгі, Стакгольма, Нью–Ёрка і іншых гарадоў.

Выстава працуе з 8 па 24 кастрычніка.

Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Тэлефон: 327–43–22