Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагоддзя”

  • 01.10.2019

1 кастрычніка 2019 г. у рамках святкавання 25–годдзя беларускага рубля ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці” пройдзе ўрачыстае адкрыццё выставы “Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагоддзя”.

19 кастрычніка 2019 г. спаўняецца 25 год з моманту прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь пастановы, якая заканадаўча замацавала беларускі рубель у якасці адзінага законнага плацежнага сродку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дадзенае рашэнне стала заключным этапам у працэсе атрымання беларускім рублём статусу нацыянальнай грашовай адзінкі.

Улічваючы, што нацыянальная валюта выступае не толькі важным эканамічным інструментам, але і адным з галоўных атрыбутаў суверэннай дзяржавы, у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці будзе прадстаўлена часовая экспазіцыя “Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагоддзя”, прысвечаная гісторыі фарміравання і станаўлення наяўнага грашовага абарачэння ў Рэспубліцы Беларусь.

Матэрыялы экспазіцыі адлюстроўваюць храналогію станаўлення і развіцця беларускага рубля ў Рэспубліцы Беларусь, пачынаючы з 1990–х гг. і заканчваючы сучасным этапам.

У экспазіцыі будуць упершыню прадстаўлены дакументы і прадметы, якія адлюстроўваюць працэс распрацоўкі і фарміравання грашовай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь: камплекты фотаформ элементаў малюнкаў разліковых білетаў Нацыянальнага банка 1992 г., друкаваныя праекты грашовых знакаў, у тым ліку тых, якія не былі выпушчаны ў абарачэнне, купоны, узоры купюр розных гадоў, а таксама памятныя банкноты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Асобным блокам будзе адлюстравана дзейнасць Нацыянальнага банка па выпуску памятных і юбілейных манет: сюжэтныя малюнкі, гіпсавыя мадэлі і арыгінальныя інструменты, якія адлюстроўваюць складаны працэс па распрацоўцы і вытворчасці манет.

Асаблівай каштоўнасцю экспазіцыі з’яўляюцца арыгінальныя прадметы і дакументы, прадастаўленыя Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным архівам Рэспублікі і Беларусбанкам, якія раней не экспанаваліся.

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці

Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 38, 4 пад'езд

Тэлефон для даведак: 8 (017) 327 46 11