Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Майсей Напельбаўм. Партрэт эпохі»

  • 13.09.2019

З 13 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь упершыню праходзіць выстава «Майсей Напельбаўм. Партрэт эпохі».

Майсей Напельбаўм – адно з самых значных імёнаў у гісторыі фатаграфіі. Велічыню ягонага таленту характарызуе просты факт: калі ў 1918 годзе бальшавікам спатрэбілася паказаць свету выяву кіраўніка савецкай Расіі, то першы мастацкі фотапартрэт Леніна замовілі Напельбаўму.

Напельбаўм увайшоў у гісторыю сусветнай фатаграфіі як майстар псіхалагічнага партрэту, фатограф савецкай культурнай і палітычнай эліты. Больш за тысячу ягоных фотапрацаў, сярод якіх партрэты Ахматавай, Блока, Горкага, Дзяржынскага, Ясеніна, Пляханава, Ўэлза, Пастарнака, Меерхольда, Леніна, Свярдлова, Будзённага і іншых, увайшлі ў залаты фонд мастацтва.

Напельбаўм нарадзіўся ў Мінску, тут адкрыў сваю першую партрэтную студыю. У пошуках ведаў і досведу Напельбаўм падарожнічаў па ўсім свеце: Смаленск, Масква, Адэса, Еўпаторыя, Вільня, Варшава, затым Нью–Ёрк, Пітсбург і іншыя гарады ЗША.

Ягонае фотаатэлье ў Пецярбургу было сапраўдным творчым клубам, у сценах якога

збіраліся Гумілёў, Пастарнак, Ясенін, Блок, Мандэльштам, Ахматава і многія іншыя. Напельбаўм лічыцца заснавальнікам фотапартрэту, ён стварыў сваю, толькі яму ўласцівую тэхніку выканання, зрабіўшы рэвалюцыйныя для таго часу эксперыменты з асвятленнем у кадры. Тады, у самым пачатку ХХ стагоддзя, было нечуванаю смеласцю зняць партрэт, дзе твар высвечваецца толькі напалову, з аднаго боку, дзе ўвага звернутая на твар, погляд, на рукі чалавека. Майсей Напельбаўм, паводле ўласнага азначэння, – фатограф–мастак.

Упершыню ў Беларусі паказваюцца ягоныя арыгінальныя здымкі, самыя вядомыя партрэты знакавых дзеячаў культуры, навукі і палітыкі мінулага стагоддзя: Ганны Ахматавай, Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Усевалада Меерхольда, Максіма Горкага, Аляксея Талстога, Дзмітрыя Шастаковіча, Барыса Пастарнака, Уладзіміра Леніна, Сямёна Будзённага, Анатолія Луначарскага, Галіны Уланавай, Льва Ландаў, Ота Шміта і многіх іншых. Працы захоўваюцца ў музеях, уваходзяць у падручнікі па фатаграфіі і гісторыі. На выставе будуць паказаныя каля ста знакамітых партрэтаў, створаных Напельбаўмам. Арганізатар – Цэнтр беларуска–габрэйскай культурнай спадчыны. Фатаграфіі належаць Borodulin Collection, адной з найбуйнейшых у свеце калекцыяў класічнай савецкай фатаграфіі.

Таксама паказваюцца асабістыя дакументы і раннія працы мінскага перыяду з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музею Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гістарычнага архіву Рэспублікі Беларусь ды асабістая камера Напельбаўма, прапанаваная «РУСС ПРЕСС ФОТО» (г. Масква). Гэта – фотакамера Acme фірмы W. Watson & Sons, Ltd. (Лондан, Вялікая Брытанія), перыяд вырабу – 1900–1907 гады. Менавіта на яе ў 1918 годзе Напельбаўм зняў вядомы партрэт Леніна.

Выстава прымеркаваная да 150–годдзя майстра.

На адкрыццё выставы запрошаныя спадкаемцы Майсея Напельбаўма.

Куратарка праекту – Мая Кацнельсон.

У межах выставы запланаваны шэраг адукацыйных лекцыяў ад вядомых мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў пра культурную спадчыну Беларусі, пра гісторыю беларускай фатаграфіі; шэраг суправаджальных падзеяў, у тым ліку экскурсіі па гістарычных габрэйскіх вуліцах Мінску. Сачыце за праграмаю на старонцы Цэнтру беларуска–габрэйскай культурнай спадчыны ў FB: @bjch.center

Кошт квіткоў:

10 р. – дарослыя і студэнты;

6 руб. – школьнікі і пенсіянеры;

20 руб. – сямейны білет (усяго не больш за 4-х чалавек);

Арганізатар – Цэнтр беларуска–габрэйскай культурнай спадчыны Borodulin Collection

Супольна з:

Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь

Нацыянальным гістарычным архівам Рэспублікі Беларусь

«РУСС ПРЕСС ФОТО» (г. Масква)