Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «МЕЛАНХОЛІЯ»

  • 05.09.2019

З 5 верасня па 6 кастрычніка 2019 года ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – будзе экспанавацца выстава фатаграфій Сяргея Міхаленкі «МЕЛАНХОЛІЯ».

Калісьці менавіта «меланхолія» лічылася хваробай. Сёння часцей выкарыстоўваюць тэрмін «дэпрэсія», а «меланхоліяй» ва ўжытку называюць проста сумны, маркотны настрой.

Маркоціцца ці сумаваць – гэтак жа натуральна для чалавека, як радавацца. Кожны з нас перыядычна пагружаецца ў гэты стан па розных прычынах. На думку Сяргея, тут можна знайсці нямала рэсурсаў для прадуктыўнай творчасці. Дастаткова толькі пасябраваць з меланхоліяй, дазволіць ёй быць побач і ... назіраць. Астатняе зробіць навык глядзець і бачыць.

Фатаграфіі Сяргея Міхаленкі здаюцца простымі і няўлоўна знаёмымі. Яны пра сузіранне, цішыню, спакой і, магчыма, адзіноту чалавека ў вялікім свеце. І ўсё ж яны пра жыццё. Пра прыгажосць прасторы, пра розныя формы быцця, і заўсёды – пра важнасць пражывання моманту тут і цяпер.

Экспазіцыя будзе цікавая ў першую чаргу аматарам класічнай фатаграфіі. Тэкст не задае вектар трактовак і не дамінуе над візуальнай мовай. Аўтар запрашае гледача быць смялей – апускацца ва ўспрыманне, абапіраючыся на ўласныя вопыт і адчуванні. І, вядома, самастойна інтэрпрэтаваць убачанае, знаходзячы ў фотаздымках свае сэнсы. Ці не знаходзячы. У гэтым і ёсць свабода гледача.

***

Сяргей Міхаленка нарадзіўся ў 1975 годзе. Вядомы ў большай ступені як арганізатар фатаграфічных падзей і з'яў у Беларусі. Заснавальнік і ўладальнік беларускага фотопортала “ZНЯТА”. Ініцыятар стварэння конкурсу “BelarusPressPhoto”, уваходзіў у склад аргкамітэта конкурсу. У цяперашні час – старшыня Саюза фатографаў Беларусі і куратар галерэі стрыт–фатаграфіі «Лесвіца». Як фатограф спецыялізуецца на рэкламнай, партрэтнай і пейзажнай фатаграфіі.Усе працы, прадстаўленыя на выставе, магчыма набыць у калекцыю.

Арганізатары выставы: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь,

Музей гісторыі беларускага кіно,

Белорусское общественное объединение фотографов

Партнёры: znyata.com – партал пра фатаграфію

Canon – прадстаўніцтва ў Беларусі

Кантакты: +375 17 327 10 75, +375 29 627 10 75 (Музей кіно)

+375 33 334–01–71 (Сяргей Міхаленка)

Дзе: выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (г. Мінск, вул.Свярдлова, 4)

Калі: 5 верасня – 6 кастрычніка 2019 года штодня з 11–00 да 19–00

Кошт квіткоў: школьнікі і пенсіянеры – 2 руб., студэнты – 2,5 руб., дарослыя – 5 руб.