Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Даўніна і навізна. Рускае ювелірнае мастацтва XVIIІ стагоддзя”

  • 07.09.2019

З 7 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава “Даўніна і навізна. Рускае ювелірнае мастацтва XVIIІ стагоддзя” (рэліквіі з Асобнай скарбніцы Дзяржаўнага Гістарычнага музея ў Маскве).

Выстава прысвечана яскраваму сюжэту з гісторыі залатой і срэбнай справы эпохі, якая радыкальна змяніла кірунак рускага мастацтва і ўвяла яго ў агульнаеўрапейскі працэс мастацкага развіцця. Ствараючы новы тып і воблік прадметаў з каштоўных металаў, якія былі звязаны са зменамі ў побыце і стылі жыцця ў Расіі, ювелірнае мастацтва вырашала задачы рэпрэзентатыўнасці мастацкай формы. Яе абнаўленне, зададзенае традыцыйным ходам жыцця ў канцы XVII стагоддзя і аформленае пятроўскімі пераўтварэннямі першай чвэрці XVIII стагоддзя, працягвалася ва ўмовах моды другой паловы XVIII стагоддзя. З’арыентаванасць у нормах побыту і моды стала актуальнай для перадавых, найперш, сталічных майстроў XVIII стагоддзя, якія мелі доступ да еўрапейскіх узораў палацавага асартыменту, знаёмых з папулярнымі кніжнымі ілюстрацыямі і атрымаўшых вопыт працы з мастакамі Захаду.

Вырабы з каштоўных металаў з вытанчанымі моднымі ўпрыгажэннямі дэкору адпавядалі густам галоўнага спажыўца з ліку палацавага атачэння і атрымалі шырокае распаўсюджанне сярод дваран, сімвалізуючы незваротнасць пераходу ад сярэднявечнай царкоўнай да новай свецкай культуры.

На выставе прадстаўлены вырабы вядомых прадстаўнікоў ювелірных цэнтраў: Масквы, Вялікага Усцюга, Табольска, Калугі. Гэта срэбны посуд, упрыгажэнні, прадметы дарожныя і асабістага ўжытку, інтэр’ерныя, для ўбранства стала. Пасля адкрыцця сваіх прыродных радовішчаў на Урале, у Сібіры, на Алтаі для рускага ювелірнага мастацтва пачынаецца час яго яскравага развіцця. Выстава паказвае ўвесь спектр модных тэм і стылёвых кампазіцый у дэкоры вырабаў, якія вызначылі побыт раскошы рускай арыстакратыі: ад мудрагелістых, пышных форм расліннага арнаменту барока, эмблематычных выяў ракако і міфалагічных сюжэтаў класіцызму да вобразаў мемарыяльнага характару ў выглядзе імператарскіх партрэтаў, вензеляў, гербаў.

Выстава “Даўніна і навізна. Рускае ювелірнае мастацтва XVIII стагоддзя” заклікана паказаць пошук выразнай формы ў творах рускіх ювеліраў эпохі Новага часу, якая адкрылася дзякуючы новым тэмам і вобразам, наватарскім плыням еўрапейскага мастацтва.

Праект рэалізаваны пры падтрымцы генеральнага партнёра Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – кампаніі JTI. Намеснік генеральнага мэнэджэра JTI у Беларусі Генадзь Бруснікаў падкрэсліў: “Гэты маштабны міжнародны выставачны праект дае ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі ўзорамі рускага ювелірнага мастацтва. Адной з мэтаў праграм JTI у сацыякультурнай сферы з'яўляецца пашырэнне доступу шырокай грамадскасці да аб'ектаў гісторыка–культурнай спадчыны, і выстаўка “Старына і навізна. Рускае ювелірнае мастацтва XVIII стагоддзя” – яшчэ адзін крок, які рэалізуецца Нацыянальным гістарычным музеем у гэтым кірунку на працягу амаль дзесяцігадовай гісторыі нашага партнёрства”.

Выстава будзе працаваць да 3 лістапада 2019 года.