Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Рытм–Квант”

  • 20.08.2019

20 жніўня 2019 года а 16–й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі да юбілею мастака–афарміцеля Уладзіміра Кандрацьева “Рытм–Квант”.

Уладзімір Дзмітрыевіч Кандрацьеў нарадзіўся 19 жніўня 1939 года ва ўкраінскім горадзе Шостка, вучыўся ў студыі члена Саюза мастакоў СССР Ю. С. Пратапопава ў Адэсе, скончыў Растоўскае мастацкае вучылішча імя М. Б. Грэкава (г. Растоў–на–Доне) і Вышэйшыя мастацка–прамысловыя курсы пры Саюзе мастакоў СССР. Член Беларускага саюза мастакоў з 1987 г.

Прафесійная дзейнасць Уладзіміра Кандрацьева цесна звязана з беларускай музейнай справай. Уладзімір Дзмітрыевіч – аўтар мастацкага афармлення экспазіцый Музея гісторыі Акадэміі навук БССР (1989), Музея літаратуры ў Віцебску (1990–1998), Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (2001–2008), Музея Уладзіміра Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі (2005), Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці (2012) і іншых. Афарміцель экспазіцый краязнаўчых музеяў у Лепелі, Светлагорску, Івянцы і Століне. Плённа супрацоўнічае з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь: выстаўкі “Слуцкія паясы” (2005), “Вайна 1812 г. у гісторыі г. Мінска” (2011) і іншыя. Уладзімір Дзмітрыевіч – аўтар і выканаўца мастацкай канцэпцыі выстаўкі “1937 год у жыцці савецкай Смаленшчыны” ў Музейна–выставачным цэнтры мемарыяла “Катынь” (Расійская Федэрацыя). Удзельнік і афарміцель выставак у Палацы мастацтва, удзельнік Міжнароднай выстаўкі “Арт.Тэатр.Музей” ў Санкт–Пецярбургу (2008, 2009).

На выстаўцы будуць прадстаўлены творчыя работы мастака.

Выстаўка дэманструецца з 20 жніўня па 1 верасня.

г. Мінск, зав. Музычны, 5

Без выхадных з 10:00 да 17:30

тэл. 220-26-67

theatre.histmuseum.by