Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Андрэй Андрэевіч Грамыка – дыпламат савецкай эпохі»

  • 21.08.2019

З 21 жніўня па 15 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава, прымеркаваная да 110–годдзя з дня нараджэння савецкага дыпламата, дзяржаўнага дзеяча, ураджэнца Беларусі Андрэя Андрэевіча Грамыкі.

Адзін з найвялікшых дыпламатаў ХХ ст. А.А. Грамыка (1909–1989) нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер – Веткаўскі раён Гомельскай вобласці). Ён паходзіў з беларускай сялянскай сям'і, якая мела шляхецкія карані. Ранні перыяд жыцця А.А. Грамыка цесна звязаны з Беларуссю: будучы дыпламат вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце народнай гаспадаркі, затым паступіў у аспірантуру Акадэміі навук БССР. Пасля пераезду ў Маскву быў запрошаны на працу ў Народны камісарыят замежных спраў СССР. У 1943–1946 гг. займаў адказную пасаду амбасадара СССР у ЗША, удзельнічаў у стварэнні ААН.

У якасці міністра замежных спраў СССР А.А. Грамыка адыграў важную ролю ва ўрэгуляванні Карыбскага крызісу, арганізоўваў падпісанне шэрагу ключавых міжнародных дагавораў у сферы раззбраення і абмежавання ўзбраенняў, садзейнічаў стварэнню АБСЕ і інш. Дыпламат карыстаўся высокім аўтарытэтам у савецкіх і замежных палітыкаў, за жорсткі стыль вядзення перамоваў заходнія калегі празвалі яго «Містэр Не».

Грамыка актыўна ўдзельнічаў і ва ўнутранай палітыцы СССР – быў членам ЦК КПСС, членам Палітбюро ЦК КПСС, займаў пасаду Першага намесніка Старшыні Савета міністраў СССР. У 1985–1988 гг. А.А. Грамыка быў Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, з'яўляючыся тым самым фармальным кіраўніком дзяржавы.

У Рэспубліцы Беларусь яго імем названы вуліца і школа ў горадзе Ветка, у Гомелі ўстаноўлены помнік–бюст дыпламату ў скверы яго імя. На выставе прадстаўлены дакументальныя матэрыялы, прысвечаныя жыццю, дзейнасці і спадчыне вядомага дыпламата: копіі указаў, дамоваў і пастановаў, дыпламатычныя ноты, а таксама разнастайны фотаматэрыял – здымкі значных міжнародных падзей, у якіх самы непасрэдны ўдзел прымаў А.А. Грамыка. Выстаўка знаёміць не толькі з палітычнай дзейнасцю – працай на пасадзе пасла СССР у ЗША і Міністра замежных спраў СССР – але і з асабістым жыццём дыпламата.

Праект «Андрэй Андрэевіч Грамыка – дыпламат савецкай эпохі» арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.