Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Сто дарог»

  • 20.08.2019

З 20 жніўня 2019 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь праводзіцца выстава акварэльных малюнкаў вядомай беларускай мастачкі Зоі Літвінавай «Сто дарог».

За гады творчай дзейнасці мастачка пабывала ў многіх кутках роднай Беларусі і розных краінах Еўропы, Азіі і Афрыкі. Дарога як у літаральным, так і метафарычным сэнсе абавязкова прыводзіць Зою Літвінаву да мастацкага адкрыцця. У падарожжах яна фіксуе ў малюнках тое, што бачыць, а таксама стварае акварэльныя эцюды. Акварэль для Зоі Літвінавай не з'яўляецца дапаможнай або другараднай тэхнікай. Яна ставіцца да яе з той жа сур'ёзнасцю, як да станковага жывапісу і манументальнага мастацтва, і вырашае не менш прынцыповыя мастацкія задачы.

Акварэльныя малюнкі Зоі Літвінавай маюць тую жа эмацыйную пераканаўчасць, што і яе жывапіс. У іх перададзеныя кантрасты афрыканскай прыроды з дрыготкім гарачым паветрам, стрыманая і мяккая гармонія краявідаў Прыбалтыкі, віды маленькіх горных паселішчаў і старажытных гарадоў Усходу. У жанравых працах аўтар паэтызуе сцэны з паўсядзённага жыцця, ці то беларускай вёскі, ці то ўсходніх базараў.

Да 9 верасня гледачы змогуць убачыць больш за сорак малюнкаў, прадстаўленых на выставе.

Літвінава Зоя Васільеўна нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Старое Сяло Гомельскай вобласці. У 1961 годзе скончыла Мінскае мастацкае вучылішча, у 1967 – Беларускі дзяржаўны тэатральна–мастацкі інстытут. У 1992 годзе ёй нададзена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Сябра Беларускага саюза мастакоў. Кавалер французскага ордэна «За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва» (2005) і ордэна Францыска Скарыны (2014). Працы Зоі Літвінавай знаходзяцца ў музейных калекцыях і прыватных зборах Беларусі і замежжа.