Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Абрысы мінулага: беларускі археалагічны малюнак ХХ – пачатку ХХІ ст.”

  • 12.08.2019

З 12 жніўня 2019 года ў галерэі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь працуе выстава “Абрысы мінулага: беларускі археалагічны малюнак ХХ – пачатку ХХІ ст.”. Выстава прысвечана святкаванню прафесійнага свята “Дзень археолага”.

Выстава адлюстроўвае адзін з многіх этапаў працы вучонага–археолага: графічнай фіксацыі аб’ектаў даследавання.

Гісторыя ўзнікнення археалагічнага малюнка адносіцца да экспедыцый другой паловы ХІХ ст., калі кожная экспедыцыя ў сваім штаце мела мастака, які фіксаваў розныя аб’екты ў палявых умовах. Гэтая традыцыя працягнулася і ў ХХ ст. На сённяшні дзень у археалагічнай навуцы сам археолаг спалучае ў сабе не толькі функцыю кіравання раскопкамі, але і стварэння малюнкаў падчас і пасля экспедыцыі.

У некаторай ступені археолага можна назваць і рэканструктарам мінулага, часам ён аднаўляе абліччы людзей, якія даўно сышлі з жыцця, “нанава адбудоўвае” даўно разбураныя хаты і малюе зніклыя паселішчы і гарады… Графічныя рэканструкцыі ў апошні час становяцца незаменным інструментам для трансляцыі “сухой навуковай інфармацыі” ў “масы” зразумелай мовай.

Археолаг – гэта асоба, якая віртуозна валодае не толькі рыдлёўкай, але i алоўкам. І з–пад рукі даследчыка, у яго малюнках, кожны можа пабачыць абрысы мінулага – абрысы, якія вяртаюць наведвальніка назад у часе і прасторы.

У экспазіцыі прадстаўлены каля 100 археалагічных малюнкаў, створаных беларускімі даследчыкамі ў ХХ – пачатку ХХІ ст. На выставе можна пабачыць археалагічныя малюнкі, вынікі экспедыцый па Беларусі, з фондаў Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі і з прыватных калекцый М.М. Чарняўскага, В.Г. Беляўца, Л.У. Дучыц, А.Ф. Касюк, А.М. Вашанова, А.Дз. Гаршкова і інш.