Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фотавыстава “Спітакская трагедыя: рэтраспектыва памяці”

  • 25.07.2019

З 24 ліпеня 2019 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе працаваць фотавыстава “Спітакская трагедыя: рэтраспектыва памяці”. Яна прымеркавана да 30–годдзя землятрусу ў Арменіі, які адабраў жыццё ў больш чым 25 тысяч чалавек.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены больш за тры дзясяткі прац фотарэпарцёраў інфармацыйных агенцтваў “АРМЕНПРЭС” і “БЕЛТА”, якія былі зроблены ў трагічныя дні і прадстаўляюць як маштабы катастрофы, так і водгук усяго чалавецтва, і ў прыватнасці, беларускага народа, на боль Арменіі.

З прычыны моцных штуршкоў землятрусу, зарэгістраванага на поўначы Арменіі 7 снежня 1988 г., за паўхвіліны была разбурана амаль уся паўночная частка краіны. Больш за паўмільёна чалавек засталіся без прытулку, са строю выйшлі каля 40% прамысловага патэнцыялу Армянскай ССР. У выніку землятрусу былі поўнасцю разбураны горад Спітак і 58 сёл, часткова разбураны гарады Ленінакан (зараз Гумры), Сцяпанаван, Кіравакан (зараз Ванадзор) і больш за 300 населеных пунктаў.

На армянскую катастрофу адгукнуліся рэспублікі Савецкага Саюза і 113 краін свету, шматлікія міжнародныя гуманітарныя арганізацыі і прыватныя асобы.

Армянскаму народу працягнулі руку дапамогі і беларусы, якія з першага ж дня трагедыі ўдзельнічалі ў выратавальных і аднаўленчых працах. Многія армянскія дзеці пасля катастрофы праходзілі постстрэсавую рэабілітацыю ў беларускіх медустановах. Беларускія журналісты расказалі сусветнай супольнасці аб вялікім няшчасці Арменіі.

Экспазіцыя “Спітакская трагедыя: рэтраспектыва памяці” – выключны праект, у якім прадстаўлены фотаздымкі, што маюць вялікую гістарычную каштоўнасць. Праз позірк у мінулае яны нагадваюць аб маштабным стыхійным бедстве і аб цвёрдай волі яго пераадолець.

Выстава праводзіцца па ініцыятыве і пры дзейсным удзеле пасольства Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, інфармацыйных агенцтваў “БЕЛТА” і “АРМЕНПРЭС”.