Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Беларусь на старадаўніх геаграфічных мапах”

  • 14.06.2019

14 чэрвеня а 17–й гадзіне ў галерэі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Беларусь на старадаўніх геаграфічных мапах”.

Мы прапануем зірнуць на гістарычныя геаграфічныя мапы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Еўропы і свету, у якіх праз прастору і час продкі здолелі данесці да нас сваё вобразнае, візуальнае бачанне сябе, нашай краіны і народа. Старажытныя геаграфічныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя гістарычныя артэфакты. У іх, як і на карцінах вялікіх мастакоў альбо ў архітэктурных шэдэўрах, мы бачым матэрыяльны злепак мінулага, спынены час. А самае галоўнае –– мы бачым сябе. Сваімі рукамі сярэднявечныя картографы і мастакі стварылі для нас не проста геаграфічныя мапы, але своеасаблівыя парталы для перамяшчэння, візуальную машыну часу, якая пераносіць нас у эфемернае мінулае, якое бадай што бясследна знікае. Палотны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна–эмацыйную прастору, скіроўваюць у глыбіні падсвядомага, туды, дзе нараджаецца чалавечае Я і ягоная культура.

Копіі геаграфічных мап, якія прадставлены на выставе, па сутнасці трансфармуюць (як і кожны твор мастацтва) у сваёй візуальнай выяве ўвесь жыццёвы досвед сваіх стваральнікаў. Перад тым, як атрымаць сваё матэрыяльнае ўвасабленне, візуальны вобраз нараджаецца ў свядомасці чалавека. А прырода вобразнага мыслення гэткая, што ўцягвае ў сябе пачуццёвы досвед асобы, то бок вобраз становіцца індывідуальным, эмацыянальна афарбаваным. І тут мы таксама можам назіраць, як за кожным геаграфічным палатном праступае непаўторнае аблічча ягонага стваральніка.

Усяго на выставе «Беларусь на старадаўніх геаграфічных картах» прадстаўлена больш за 30 карт. Яны выкананы на акварэльнай паперы з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, што дазваляе максімальна дакладна прайграць аўтэнтычнасць старадаўніх карт і зрабіць іх практычна неадрознымі ад арыгінала.

Арганізатары выставы – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларуская філасофская прастора, Лятучы універсітэт, выдавецкі цэнтр «Экономпресс»

Выстава працуе да 14 ліпеня.