Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Асалода ад жыцця»

  • 16.05.2019

16 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава фотаработ вядомага фотамастака Аліка Замосціна «Асалода ад жыцця», занесеная ў афіцыйны каляндар культурных падзей II Еўрапейскіх гульняў.

Не выпадкова Алік Замосцін выбраў сярэдзіну мая для пачатку выставы – кветкі квітнеюць, сонца свеціць, а наперадзе лета, і самы час падвесці прамежкавы вынік свайго новага захаплення. Аўтар адабраў 35 мастацкіх фатаграфічных работ ледзве не наўздагад, не прывязаных ні да месца, ні да часу, але выстава склалася!

За тры гады гледачам былі прадэманстраваны выставачныя праекты "Пункт погляду", «Базар гародніны», «Партрэты». Гэтым разам няма ідэі, як было ў папярэдніх выставах – гэта, па словах Аліка Замосціна, проста яго стаўленне да навакольнага свету.

Прынцыповая пазіцыя Аліка Замосціна – гэта проста цешыцца жыццём з яго сустрэчамі, расставаннямі, світаннямі і захадамі ... Нью–Ёрк, Ізраіль, Беларусь ... І яго погляд на людзей і іх учынкі, на гарады і прыроду, на сувязь ўсяго існага ў зямным свеце. Погляд пільны і вельмі сумленны. Таму што героі Аліка Замосціна – прыгожыя, вельмі прыгожыя, маладыя і не вельмі маладыя мужчыны і жанчыны. Яны не пазіруюць, яны проста жывуць. І будуць жыць цяпер вельмі доўга, таму што патрапілі ў акуляр яго ўважлівага фотааб'ектыва.

***

Алік Замосцін вырас у Мінску ў раёне плошчы Перамогі. Атрымаўшы інжынерную адукацыю, у 25 гадоў з'ехаў у Ізраіль. Жыў і працаваў у ЗША і Канадзе. Цяпер жыве паміж Нью–Ёркам, Тэль–Авівам, Таронта і Мінскам.

Для наведвання выстава будзе адкрыта з 16 мая па 3 чэрвеня.

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12.

Тэлефоны музея: +375 17 327 43 22, +375 17 327 48 27.