Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “ROBO ART"

  • 28.04.2019

Гасцёўня Уладзіслава Галубка прадстаўляе выставу “ROBO ART”

На выставе “ROBO ART" прадстаўлены футурыстычныя мадэлі робатаў, зброі, аўтамабіляў і касмічнай тэхнікі. Экспазіцыя налічвае больш за 70 прадметаў рознага памеру, сярод якіх ёсць статычныя і рухомыя мадэлі.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае ўнікальная калекцыя "гіганцкіх" робатаў памерам з чалавечы рост, некаторыя з іх механізаваныя – адны рухаюцца, іншыя гавораць. Робат "Артур" падымае руку і размаўляе, у робата "Праметэй” на дысплеі адлюстроўваецца навакольны свет, гігант “Рудакоп” круціць клешнепадобнай рукой, свеціць вачыма і міргае пробліскавым маячком аранжавага колеру, робат “Ан–тон" круціць галавой і свеціць ярка зялёным святлом.

Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выставы выклікае рука вядомага робата з кінафільма "Тэрмінатар", а таксама магутная клюшня "Мегарука", якая ў тры разы перавышае памерам чалавечую кісць. На подыумах у імклівым палёце размяшчаюцца мадэлі касмічных караблёў для міжгалактычных палётаў.

Не пакідаюць абыякавым і цэлыя сюжэты з жыцця робатаў – "Афіцыянт", які разносіць напоі, "Дама", якая гуляе з сабачкам. Робаты тут жывуць сваім уласным таямнічым жыццём. Уключыўшы фантазію, можна ўявіць, што нават механізмам даступныя перажыванні і простыя чалавечыя слабасці. Вось "скульптурная група" пад назвай "Бессань" — кватэра са сціплай абстаноўкай (таршэр, гаршчок пад ложкам, стол, крэсла) і "пажылы робат", які ўсё ніяк не можа заснуць.

Уражвае калекцыя фантастычнай зброі. Ствараецца пачуццце, што яна зараджана і гатова да бою. Бластер і выпраменьвальнік суседнічаюць тут з рарытэтам Першай сусветнай вайны — кулямётам "Максім". Дзівіць памерамі проціватанкавая прылада, колы якой сабраны з сапраўдных аўтамабільных дыскаў.

Усе працы выкананы з металу і пластыка.

Выстава "ROBO ART" разлічана на катэгорыю 4 + і аднолькава зацікавіць і дзяцей, і дарослых.

У рамках экспазіцыі дзеці змогуць не толькі пазнаёміцца з навакольным светам, знайсці адказы на шматлікія пытанні, а таксама далучыцца да тэхнічнай творчасці. Выстава спрыяе развіццю мыслення, ўяўлення, лагічных і творчых здольнасцяў дзіцяці. Прадстаўленая экспазіцыя адклікнецца ў наведвальнікаў велізарнай колькасцю усмешак, пазітыўным настроем і радаснымі эмоцыямі!

Будучыня, у якой людзі і робаты жывуць побач, апісаная фантастамі, ужо наступіла, і ў гэтым можна пераканацца, наведаўшы выставу ў Гасцінай Уладзіслава Галубка.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Без выхадных: з 10.00 да 17.30

Тэл. для даведак: (017) 243 –74–03