Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава работ Андрэя Сагалава «STEEL, WOOD & BONE»

  • 01.05.2019

1 мая 2019 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава работ скульптара Андрэя Сагалава «STEEL, WOOD & BONE».

Майстар Андрэй Сагалаў запрашае акунуцца ў эпоху мужных і моцных духам ваяроў. Ён увасабляе мастацкія вобразы працай з металам, дрэвам і косткай. Гэта і дало назву выставы.

Увазе наведвальнікаў прапануюцца работы 2000 – 2019 гадоў: партрэтная драўляная скульптура, дробная пластыка з рога лася і біўня маржа, дэкараванне рукаяцяў і эфесаў. У гэтых работах сышліся свет гістарычных вобразаў і падзей, традыцыйная тэхніка еўрапейскіх рамёстваў, праца з класічнымі матэрыяламі і сучаснае аўтарскае прачытанне.

Пра аўтара

Андрэй Сагалаў нарадзіўся ў Мінску ў 1963 годзе. Атрымаў адукацыю ў Беларускім палітэхнічным інстытуце. Працаваў інжынерам–канструктарам у праектных інстытутах Мінска. У 1990–х гадах захапіўся нямецкай драўлянай скульптурай часоў позняй готыкі і Ранняга Рэнесансу з чароўнымі і захапляльнымі тыпажамі воінаў, сярэднявечных гараджан–еўрапейцаў. Пазней мастак звярнуў увагу на рысы твараў людзей: будаўнікоў, паляўнічых, баксёраў, удзельнікаў баявых бітваў... У выніку прыйшоў да партрэта – самага сур’ёзнага, на думку аўтара, жанра, у якім трэба паказаць характар, што склаўся да пэўнага ўзросту і ў прадстаўнікоў пэўных прафесій. Гэта і сфармавала кірунак творчасці аўтара і дало думкі да выбару герояў.

Выстава праводзіцца пры падтрымцы кампаніі EY («Эрнст энд Янг»).

Для наведвання выстава будзе адкрыта з 1 па 14 мая 2019 г.

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12

Тэлефоны музея: +375 17 327 43 22, +375 17 327 48 27