Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Арыгамі. Сфера ўстойлівасці перамен»

  • 04.04.2019

4 красавіка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы «Арыгамі. Сфера ўстойлівасці перамен», на якой будуць прадстаўлены работы пераможцаў і прызёраў міжнародных алімпіяд па арыгамі.

«Калі ў маёй галаве ўпершыню прагучала слова «арыгамі», я, шчыра кажучы, здзівіўся – адкуль гэта? Магчыма, нечаканасць з'яўлення не дала патануць гэтаму слову ў плыні мноства думак, якія хвалявалі і заклапочвалі мяне. У руках апынуўся квадратны аркуш паперы, і вельмі хутка я зразумеў, які чароўны падарунак зрабіў мне лёс. Захапленне кожным пражытым днём. Здзіўленне таму, як увасабляецца складанае з простага. Разуменне шляху і мэты. Асаблівае бачанне таго, як гарманічна і прыгожа складзены наш свет. І ўдзячнасць Творцу за тое, што ўсё гэта ёсць» – (Дзмітрый Лысюк, двухразовы пераможца міжнародных інтэрнэт-алімпіяд па арыгамі).

Сучаснае арыгамі – гэта арыгінальнае спалучэнне навукі і мастацтва. Дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям для яго развіцця няма межаў. Адроджанае Акірам Ёшызавам у 50-х гадах мінулага стагоддзя, арыгамі здаўна перакрочыла межы роднай Японіі, і ў цяперашні час вельмі папулярнае ва ўсім свеце, дзівосным чынам спалучаючы ў сабе сур'ёзныя ўжыванні ў навуцы і тэхніцы, пышныя шэдэўры папяровай скульптуры і проста цудоўныя забавы для дзяцей і дарослых.

Адной з найярчэйшых падзеяў у свеце арыгамі з'яўляецца творчы конкурс «Міжнародная інтэрнэт-алімпіяда па арыгамі». Першая алімпіяда адбылася ў 2011 годзе, праходзіць штогод і цяпер збірае сотні ўдзельнікаў і сусветна вядомых аўтараў мадэляў арыгамі з дзясяткаў краін, папулярнасць турніра расце з года ў год. Удзел у алімпіядзе бясплатны і даступны любому – кожны, хто жадае, можа паспрабаваць свае сілы, спаборнічаючы з авангардам сусветнага арыгамі, адчуць невыказную конкурсную атмасферу і прасачыць сучасныя тэндэнцыі развіцця папяровага мастацтва.

Сярод мноства арыгамі, што стварылі арганізатары і ўдзельнікі выставы, – калекцыі работ пераможцаў і прызёраў алімпіяд розных гадоў. Мадэлі арыгамі, апроч эстэтычнай каштоўнасці, валодаюць унікальнай уласцівасцю выклікаць здзіўленне. А для кожнага арыгаміста сам працэс складвання гэтак жа каштоўны, як і гатовы твор. Для таго, каб наведвальнікі маглі адчуць чароўнасць перастварэння пласкіні папяровага аркуша ў разнастайныя фігуры, а таксама самім паспрабаваць пафантазіраваць з паперай, на выставе прадстаўлены спецыяльна створаныя экспанаты, якія дазваляюць зазірнуць «усярэдзіну» арыгамі.

Падчас выставы будуць працаваць майстар-класы, адрасаваныя як самым юным, так і дарослым. Прыходзьце, і ўсё складзецца!

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

тэл. 327 48 22, 327 43 22