Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Вальс Салле"

  • 14.08.2015

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом-музей I з'езда РСДРП" працуе выстава гісторыка моды Вольгі Палітыка "Вальс Салле".

Выстава прысвечана ХІХ стагоддзю; часу баляў, вытанчаных манер і рамантыкі. У пачатку стагоддзя заканадаўцам моды на нашых зямля, які шмат у чым паўплываў і на развіццё культуры больш позняга перыяду, быў ампір.

Ампір (ад фр. Empire style – "імперскі стыль") - стыль позняга (высокага) класіцызму ў архітэктуры і прыкладным мастацтве. Паўстаў у Францыі ў перыяд праўлення імператара Напалеона I; развіваўся на працягу трох першых дзесяцігоддзяў XIX стагоддзя.

Ампір знайшоў сваё адлюстраванне не толькі ў архітэктуры, але і ў вопратцы, у першую чаргу шляхты і дваран. Заходняя культура прынесла з сабой не толькі некаторыя элементы адзення, інтэр’ера, а нават і правілы паводзін.

Пра гэты час пісалі Адам Міцкевіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя. Але найбольш поўна разглядаемы намі перыяд быў адлюстраваны ў несмяротных творах Міцкевіча "Дзяды" і безумоўна - "Пан Тадэвуш".

На выставе прадстаўлены: жаночае адзенне пачатку ХІХ стагоддзя, прадметы побыту, упрыгожванні з калекцыі Вольгі Палітыка.

Выстава будзе праходзіць з 31.07.2015 па 10.09.2015 гг.