Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя манаграфіі “Барыс Аракчэеў. Этапы вялікага шляху”

  • 21.03.2019

21 сакавіка 2019 года а 18–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) пройдзе прэзентацыя манаграфіі Ксеніі Сяліцкай–Ткачовай “Барыс Аракчэеў. Этапы вялікага шляху”. Дадзеная манаграфія з’яўляецца комплексным даследаваннем, прысвечаным творчасці знакамітага мастака, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай школы жывапісу, сябра Беларускага саюза мастакоў (1963), заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1996), Кавалера Ордэна Францыска Скарыны (2011) Барыса Уладзіміравіча Аракчэева (1926 – 2013). У кнізе шырока асвятляецца гісторыка–культурная панарама другой паловы ХХ – першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзяў, прапануецца жанравы падыход да вывучэння творчаці мастака, з дапамогай кампаратыўнага метаду глыбока і ўсебакова аналізуюцца творы майстра. Даследаванне, у якім арганічна сумяшчаюцца навуковы і мастацкі падыходы, разлічана на шырокую аўдыторыю чытачоў, будзе карысным як спецыялістам, так і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй беларускай культуры.

Звесткі пра аўтара:

Ксенія Сяліцкая–Ткачова (нар. 1988).

Мастацтвазнаўца, культуролаг, сябра Беларускага саюза мастакоў. Аўтар больш за 40 навуковых, публіцыстычных і крытычных артыкулаў. Сфера даследчыцкіх інтарэсаў ахоплівае сусветную літаратуру, музычнае і выяўленчае мастацтва канца XIX – XX стагоддзяў (імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, фавізм, “магічны” рэалізм), а таксама мастацтва Беларусі савецкага і сучаснага перыядаў. Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню творчасці асобных аўтараў, якія аказалі значны ўплыў на развіццё мастацкай культуры (Ф. Кафка, Г. Майрынк, А. Шонберг, А. Берг, Э.Л. Кірхнер, М. Пехштэйн, Р. Магрыт, Б.У. Аракчэеў, Р. Несцераў, С. Балянок і інш.).

_____________________________________

+375 33 320–08–74 (Ксенія Сяліцкая–Ткачова)