Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Кветкі Ксандры"

  • 13.03.2019

Гасцёўня Уладзіслава Галубка прадстаўляе выставу батанічнай ілюстрацыі маладой мастачкі Аляксандры Прымака "Кветкі Ксандры".

Мастацтва батанічнай ілюстрацыі паўстала ў XVI ст. і мела практычную мэту — лекарам трэба было лепш пазнаваць лекавыя расліны. З развіццём прыродазнаўчых навук і, у прыватнасці, батанікі, развівалася і батанічная ілюстрацыя. Асаблівага росквіту яна дасягнула ў XVIII ст. У XX ст. усё большую папулярнасць заваёўвала фатаграфія. На першы погляд яна магла б змяніць батанічную ілюстрацыю, аднак нічога падобнага не адбылося. Толькі чалавечая рука, погляд і ўспрыманне здольныя стварыць гармонію скрупулёзнай дакладнасці і вобразнасці, паказаць расліну на адным малюнку з некалькіх бакоў.

Любуючыся кветкамі, цяжка ўтрымацца ад жадання адлюстраваць іх, настолькі моцна імкненне захаваць гэтую трапятную прыгажосць. Старажытнагрэцкі філосаф Платон лічыў, што ў аснове мастацтва ляжыць мімесіс, або перайманне. Чалавек нібы імкнецца стварыць другую рэальнасць, пераймаючы прыгажосць прыроды. Але, пры гэтым, у людзей вельмі моцны творчы пачатак. Выкарыстоўваючы ўяўленне і фантазію, мы здольныя тварыць новы, дзіўны свет. Мастак — на паперы або палатне, скульптар — зменьваючы камень.

Для сваёй дзейнасці Аляксандра ўзяла псеўданім Ксандра Фаўст (Ksandra Faust), дзе імя – адно з скарачэнняў яе поўнага імя, а прозвішча — вытворнае ад старажытнарымскага імя, што ў перакладзе азначае «ўдачлівы». Работы, прадстаўленыя на выставе “Кветкі Ксандры”, адлюстроўваюць свет кветак з іх непаўторнасцю і чараўніцтвам. Малюючы кветкі, Аляксандра паказвае прыгажосць не толькі ружы або півоні, але і тое, наколькі цудоўны мышыны гарошак, які расце на збочы , наколькі незвычайны і прыгожы павой, на які мы наступаем кожнае лета, не задумваючыся, што гэта кветка і што ён можа быць упрыгожваннем, не горш за гваздзіку. Яна малюе кветкі, думаючы пра іх, як пра жывыя істоты; імкнецца зразумець і пражыць іх пачуцці, іх радасць, сум або перажыванні. І заўсёды – імкнецца жыць і радавацца сонцу!

Традыцыйнае вызначэнне батанічнай ілюстрацыі — мастацтва дакладнага адлюстравання ўсіх асаблівасцяў формы, дэталяў, каляровай гамы раслін. Аднак у XXI ст. рамкі гэтага накірунку значна пашырыліся і дазваляюць праявіць творчае ўяўленне і фантазію. У сваіх працах Аляксандра злучае два бакі мастацкай творчасці: дакладнасць і скрупулёзнасць у адлюстраванні кветак і, у той жа час, дазваляе праявіцца творчаму пераўтваральнаму пачатку свайго ўнутранага свету. Карпатлівая праца, найтонкая тэхніка, уменне перадаць аб'ём і стрымаць экспрэсію колеру — усё гэта спадарожнікі работ мастачкі.

У наш час батанічная ілюстрацыя стала вельмі модным трэндам у інтэр'еры. Яна практычная ў любым стылі і можа ўпрыгожыць гасціную, спальню, дзіцячы пакой, а таксама хол або офіснае памяшканне. Стварэнне і сузіранне партрэта раслін — сапраўдная арт–тэрапія, якая аб'ядноўвае ў сабе развіццё вастрыні бачання свету і стымуляцыю яго інтуітыўнага пазнання.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Без выхадных: з 10.00 да 17.30

Тэл. для даведак: (017) 243 –74–03