Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Імпрэза “Слова як памяць”

  • 20.02.2019

20 лютага а 15–й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Дом–музей І з’езда РСДРП” адбудзецца імпрэза “Слова як памяць”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і прысвечаная прэзентацыі “Расейска–беларускага слоўніка” гісторыка і педагога Апанаса Ярушэвіча (1867 – 1918/1924). Мерапрыемства падрыхтавана сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

“Расейска–беларускі слоўнік” – гэта ўнікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска–беларускі слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы на пачатку яе станаўлення.

Дадзены слоўнік з’яўляецца адзіным у айчынным мовазнаўстве даведнікам, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак як асновы беларускай нацыянальнай мовы, з’яўляецца інфармацыйнай крыніцай аб яе стане ў другой палове 19–га – пачатку 20 ст.

У слоўніку ўпершыню лексікаграфічную апрацоўку атрымалі звыш 13 000 слоў, беларускую частку якіх аўтар працы А.В. Ярушэвіч сабраў самастойна або праз сваіх карэспандэнтаў.

Апублікаваная архіўная крыніца будзе запатрабаванай сярод розных прадстаўнікоў гуманітарнай навукі і мае асаблівае прызначэнне: гэта не проста традыцыйнае слоўнікавае выданне, гэта нацыянальная навуковая спадчына. А таксама крыніца пазнання побыту беларусаў на памежжы стагоддзяў, якая дае змястоўныя звесткі аб сацыяльна–эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага грамадства ў адзначаны час.

У прэзентацыі возьмуць удзел дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Курцова, прадстаўнікі навуковай грамадскасці краіны, студыя рэканструкцыі баляў «Carnet de bal».

Адрас: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 31 А.

Уваход вольны.