Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Ракурсы творчасці"

  • 13.02.2019

13 лютага а 17–й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі да 105–годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Паўла Васільевіча Масленікава.

Павел Васільевіч Масленікаў нарадзіўся 14 лютага 1914 г. у вёсцы Нізкая Вуліца Магілёўскага раёна. Скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча (1938) і Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ў Ленінградзе (1953). З 1938 г. – мастак Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі (у 1946–1960 гг. мастак–пастаноўшчык). З 1960 г. выкладае ў Беларускім тэатральна–мастацкім інстытуце (у 1960–1964 гг. рэктар, у 1967–1979 гг. загадчык кафедры). Дэкарацыйнай творчасці Масленікава характэрныя вобразнасць, маляўнічасць, арганічнае спалучэнне музычных і візуальных вобразаў. Сярод яго тэатральных работ ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі – “Трыльбі” А. Юрасоўскага (1940), “Бахчысарайскі фантан” Б. Асаф’ева і “Прададзеная нявеста” Б. Сметаны (1949), “Салавей” М. Крошнера, “Чырвоны мак” Р. Гліэра, “Дэман” А. Рубінштэйна (1950), “Тоска” Дж. Пучыні (1950, 1969), “Паяцы” Р. Леанкавала і “Запарожац за Дунаем” С.Гулак–Арцямоўскага (1951), “Іаланта” П. Чайкоўскага, “Страшны двор” С.Манюшкі (1952), “Лакмэ” Л. Дэліба (1953), “Маладая гвардыя” Ю. Мейтуса (1954), “Фра–Д’ябала” Ф. Абера (1955), “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага і “Карсар” А. Адана (1957), “Яснае світанне” А. Туранкова (1958), “Баядэрка” Л. Мінкуса (1959), “Сцежкаю грому” К. Караева і “Цыганскі барон” І. Штрауса (1960), “Баль–маскарад” Дж. Вердзі (1961), “Джаконда” А. Панк’елі (1962), у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы – “Цудоўны скарб” П. Малярэўскага (1949), “Шчасце паэта” В. Віткі (1952), “Пінская шляхта” В. Дуніна–Марцінкевіча (1954), у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі – “Варвары” М. Горкага (1952), у Тэатры юнага гледача – “Як гартавалася сталь” паводле М. Астроўскага (1956) і інш.

Павел Масленікаў – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1954), народны мастак Беларусі (1994), кандыдат мастацтвазнаўства (1960). Аўтар раздзела “Мастацтва Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі” для “Гісторыі мастацтва народаў СССР” (т. 8. 1977), адзін з аўтараў “Гісторыі беларускага мастацтва” (т. 4–6, 1990–1994) і шматлікіх мастацтвазнаўчых публікацый.

На выстаўцы будуць прадстаўлены эскізы дэкарацый да спектакляў, мемарыяльныя рэчы мастака, фотаздымкі.

Выстаўка дэманструецца з 14 лютага па 3 сакавіка.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Без выхадных з 10:00 да 17:30

тэл. 220–26–67

theatre.histmuseum.by

#dommasonay