Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Сямейны альбом"

  • 05.02.2019

5 лютага а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) адбудзецца адкрыццё выставы "Сямейны альбом", прысвечанай 105–годдзю Паўла Васільевіча Масленікава.

Масленікавы – вядомая дынастыя беларускіх жывапісцаў. Сваю творчасць яны прысвячаюць роднай Беларусі, апяваючы яе веліч і прыгажосць. Бязмежныя прасторы, блакітныя азёры ў творах мастакоў чаргуюцца з ціхімі ўтульнымі куткамі прыроды, дзе чалавеку хочацца схавацца ад шуму гарадскіх вуліц і паўсядзённай мітусні. Натхнёная роднай прыродай творчасць мастакоў нясе ў сабе па–сапраўднаму нацыянальныя рысы і асаблівасці.

Родапачынальнікам дынастыі стаў Павел Васільевіч Масленікаў (1914–1995), чый уклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва цяжка пераацаніць. Яго творчая дзейнасць зрабіла ўплыў на развіццё пейзажнага жанру ў беларускім выяўленчым мастацтве, а грамадская дзейнасць ўнесла значны ўклад у станаўленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і развіццё беларускага мастацтвазнаўства (з 1960 да 1964 г. – рэктар акадэміі).

З ранняга дзяцінства будучы гранд беларускага мастацтва ўважліва вывучаў і шчыра любіў родную прыроду. Нягледзячы на тое што ў беларускім выяўленчым мастацтве пасляваенных дзесяцігоддзяў найважнейшым жанрам была тэматычная карціна, Павел Васільевіч на працягу ўсяго свайго творчага жыцця захоўваў вернасць сваёй галоўнай любові – пейзажнаму жанру. У 1994 годзе яму было прысвоена званне народнага мастака Беларусі, у 1995–м ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. У 1997 годзе Магілёўскаму абласному мастацкаму музею было нададзена імя П. В. Масленікава. Работы Паўла Васільевіча знаходзяцца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі, які носіць яго імя, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Палацы Незалежнасці ў Мінску, Прэзідэнт гатэлі, фондах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама ў прыватных калекцыях і галерэях Беларусі, Расіі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Кітая, Чэхіі, Францыі.

Сваю любоў да прыроды Павел Васільевіч перадаў сыну Уладзіміру, цяпер загадчыку кафедры жывапісу БДАМ. З дзяцінства Уладзімір з бацькам ездзіў на эцюды. Падобныя «практыкі» дазволілі Уладзіміру Паўлавічу дасканала вывучыць прыроду роднай зямлі, яе непаўторныя асаблівасці і каларыт. І гэтыя даследаванні знайшлі свае адлюстраванне на яго палотнах. Лёгка і нязмушана мастак стварае поўныя святла і паветра пейзажы. З не меншай цікавасцю Уладзімір ставіцца і да партрэта, у які ён пераносіць эмацыйны зарад прыродных сіл, надзяляючы мадэлі пазітыўнай энэргетыкай і пачуццём супакаення.

Унук Паўла Васільевіча Масленікава – Павел Уладзіміравіч, як і яго бацька, з самага дзяцінства далучаўся да сямейных традыцый. Пасталеўшы, Павел пачаў пошук свайго стылю, захоўваючы пры гэтым традыцыі мастацтва Масленікавых. У яго стылі – сінтэз экспрэсіўнай эцюднай манеры пісьма, характэрнай для яго дзеда, і строгай кампазіцыі, выразнага малюнка, прапрацоўкі дэталяў, уласцівых карцінам бацькі.

На выставе прадстаўлены работы з сямейнай калекцыі. Карціны Масленікава Паўла Васільевіча былі створаны з 1970 па 1980 год, работы Уладзіміра Паўлавіча і Паўла Уладзіміравіча – з 2012 па 2018 год.

Выстава дэманструецца з 5 па 21 лютага.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12

тэл. (017) 327 43 22