Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Ён быў купалаўцам…»

  • 22.01.2019

Выстаўка падрыхтаваная да 100–годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, акцёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўла Васільевіча Кармуніна.

Павел Васільевіч Кармунін нарадзіўся 28 студзеня 1919 г. у вёсцы Вялікія Ключы Казанскай губерні (зараз – Рэспубліка Татарстан). Сцэнічную дзейнасць пачаў падчас Вялікай Айчыннай вайны ў складзе франтавых брыгад мастацкай самадзейнасці. У 1946 г. запрошаны ў трупу тэатра Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Берліне. У 1950 г. прыняты акцёрам у Казанскі драматычны тэатр імя В. Качалава, дзе яго заўважыў славуты рэжысёр–купалавец Леў Літвінаў, прызначыўшы на ролю Лявона ў спектаклі «Лявоніха на арбіце» Андрэя Макаёнка. Калі ў 1964 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» экранізавалі гэтую п’есу (пад назвай «Рагаты бастыён»), на галоўную ролю зноў запрасілі Паўла Кармуніна.

Так ужо вядомы акцёр ва ўзросце 45 гадоў пераехаў у Беларусь і паступіў на службу ў Беларускі тэатр імя Янкі Купалы. Першая яго роля ў беларускім тэатры – грузінскага селяніна Іліко («Я, бабуся, Іліко і Іларыён» паводле Надара Думбадзэ i Грыгорыя Лордкiпанiдзэ) – засведчыла, што Павел Кармунін добра ўпісаўся ў ансамбль купалаўскага калектыву. За кароткі час ён дасканала авалодаў беларускай мовай, беларускае слова гучала ў яго шчыра і натуральна. Сярод яго сцэнічных работ – Сцяпан Крыніцкі ў славутай «Паўлінцы», Кічкайла ў «Амністыі» Мікалая Матукоўскага і Чарнушка ў інсцэніроўцы «Людзей на балоце» Івана Мележа, Лявон Берасцянка ў «Раскіданым гняздзе» Янкі Купалы і Торгала ў «Браме неўміручасці» Кандрата Крапівы, Бацька ў «Парозе» Аляксея Дударава і Зазыба ў «Плачы перапёлкі» па Івану Чыгрынаву, Лука ў п'есе Максіма Горкага «На дне» і Вайніцкі ў чэхаўскім «Дзядзьку Ваню».

А яшчэ было некалькі дзясяткаў кінароляў у фільмах «Рагаты бастыён», «Я родам з дзяцінства», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Бацька і сын», «Соль зямлі» і іншых.

Амаль тры дзесяцігоддзі артыст выходзіў на купалаўскую сцэну, апошні раз – у дзень свайго 80–годдзя, ужо страціўшы зрок, у ролі бацькі Аўдзея ў спектаклі «Страсці па Аўдзею» Уладзіміра Бутрамеева.

На выстаўцы будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і архіва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Без выхадных з 10:00 да 17:30

Тэл. 220–26–67

theatre.histmuseum.by

#dommasonay