Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Лепшыя цацкі СССР”

  • 06.12.2018

6 снежня 2018 года ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу выстава з прыватнай калекцыі “Лепшыя цацкі СССР”.

Успамінаючы пра дзяцінства, кожны з нас можа з лёгкасцю назваць сваю любімую цацку – ляльку, плюшавага мішку, машынку. У Савецкім Саюзе былі цацкі, якія лічыліся ўлюбёнцамі цэлых пакаленняў. Яны шматкроць здзяйснялі “кругазварот змены гаспадара”, вытрымлівалі выпрабаванне вадой, агнём і дзіцячай дапытлівасцю, але, як ні дзіўна, жылі доўга і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. І любілі іх бязмерна, а нехта, магчыма, і да гэтага часу захоўвае бязвухага лінялага мядзведзя або пацёртую машынку, падораную любімай бабуляй.

На выставе “Лепшыя цацкі СССР” прадстаўлены савецкія цацкі перыяду 1950–1980–х гг., якія збіраліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў групай калекцыянераў.

У цэнтры ўвагі мара любога савецкага хлапчука – педальная машынка, якая давала магчымасць пракаціцца на амаль сапраўдным аднамесным аўтамабілі з рабочымі фарамі і рулявым кіраваннем. Знайшоў сваё месца на выставе і іншы папулярны дзіцячы транспарт – педальны конь, матаролер, конікі–качалкі, двух і трохколавыя ровары. Сярод савецкіх цацак для хлопчыкаў – жалезныя танкі, машынкі і самалёцікі, месяцаход і касмалёт.

Самым жаданым падарункам для дзяўчынак заўсёды была лялька. Для яе можна было пашыць прыгожую сукенку на цацачнай швейнай машынцы або з камфортам абсталяваць мініяцюрнай мэбляй лялечны дом. Плюшавыя мядзведзі, малюсенькія пупсы, неваляшкі ўсіх відаў і памераў – усе яны былі спадарожнікамі не аднаго пакалення савецкіх дзяўчынак.

На выставе таксама прадстаўлены развіваючыя гульні, сярод якіх любімая гульня будучых гоншчыкаў “За рулём”, віктарына “Цуд агеньчык”, “Радыё канструктар”, наборы “Будаўнік” і “Столяр”, “Кандытар” і “Гаспадыня”. А як не ўспомніць металічны канструктар, які выдатна развіваў тэхнічную кемлівасць. З яго можна было збіраць самыя розныя мадэлі, пачынаючы ад зусім прымітыўных, і заканчваючы грандыёзнымі.

Хакей і футбол былі найпапулярнейшымі ў СССР відамі спорту, і савецкія дзеці з задавальненнем гулялі ў аднайменныя настольныя гульні.

Магчымасць паспрабаваць сябе ў музыцы давалі піяніна “Ножка”, гуслі “Перапёлачка”, акардэон, баян, металафон, патэфон і музычны слон, якія таксама можна ўбачыць на выставе ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка.

У савецкіх дзяцей не было кампутараў, мабільных тэлефонаў і іншых сучасных захапленняў, але дзяцінства ад гэтага не было менш шчаслівым. Свет савецкай цацкі – гэта кранальныя ўспаміны некалькіх пакаленняў жыхароў вялікай краіны пад назвай “СССР”.

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Рэжым працы: панядзелак – субота

Час працы: з 10.00 да 17.30

Выхадны: нядзеля

Телефон для даведак: (017) 243 74 03