Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя часопіса “Наша гісторыя”

  • 27.11.2018

27 лістапада ў 17.30 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя часопіса “Наша гісторыя”.

“Наша гісторыя” – першы глянцавы часопіс пра беларускую і сусветную гісторыю. Агульны наклад першых чатырох нумароў перавысіў 30 000 асобнікаў! Гэта папулярныя артыкулы ад найлепшых навукоўцаў, а таксама гістарычныя коміксы, нечаканыя тэмы і новыя ракурсы знаёмых падзей, унікальныя ілюстрацыі і новыя фарматы.

На прэзентацыі можна будзе набыць чацвёрты нумар па цане ад выдаўцоў, купіць толькі што надрукаваны фірмовы каляндар “Нашай гісторыі”, а таксама сустрэцца з аўтарамі свежага нумару часопіса і галоўным рэдактарам Андрэем Дынько.

Як Васіль Быкаў стаў Васілём Быкавым? Што выхавала ў ім цвёрдасць, што зрабіла яго сумленнем нацыі? Назіраннямі падзеліцца журналіст Андрэй Скурко. Знакамітая літаратуразнаўца і пісьменніца Ганна Севярынец, аўтарка артыкула пра тое, як каханка Маякоўскага Зося Шамардзіна стала першай лэдзі БССР, раскажа пра Менск 1920–х: багемны, вясёлы, суровы і страсны. Якія хітрыкі дазволілі прыняць Статут ВКЛ 1588? Таямніцу адкрые кандыдат гістарычных навук Уладзімір Падалінскі. Думаеце, гарматы патрэбныя былі нашым продкам, каб ваяваць? Ды не – каб даваць салюты! Бо якое свята без салюту! Пра традыцыі святкаваць дні нараджэння, сустракаць цешчу феерверкам і даваць з дзясятак залпаў на свае імяніны раскажа кандыдат гістарычных навук Мікола Волкаў. І яшчэ многа цікавага. 100 старонак захапляльнага падарожжа ўглыб гісторыі!

Асаблівую атмасферу на прэзентацыі створыць гурт “Рада”, які заспявае і навучыць гасцей старадаўнім гістарычным песням. Гурт існуе з 2006 года, сам збірае і апрацоўвае аўтэнтычныя песні з розных рэгіёнаў Беларусі.

Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

тэл. 327–43–22