Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “1918. Нараджэнне новага свету”

  • 14.11.2018

14 лістапада 2018 года ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “1918. Нараджэнне новага свету” у рамках аўтарскага праекта У.А. Ліхадзедава “У пошуках страчанага” да 100–годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.

У ходзе мерапрыемства пройдуць дзве прэзентацыі. Вядомы калекцыянер і гісторык У.А. Ліхадзедаў прадставіць фотаальбом “Беларусь 1914–1918. Вайна і мір”, паказваючы рэаліі Усходняга фронту вачыма расійскіх і германскіх салдат. А затым ў 18.00 у музейным дворыку вядомая кампанія–распрацоўшчык кампутарных гульняў “Wargaming” зладзіць прэм’ерны паказ новага кароткаметражнага фільма “Атака мерцвякоў: Асавец”, распавядаючага пра жахі Першай сусветнай на прыкладзе бітвы за Асавецкую крэпасць.

У дні стагоддзя заканчэння аднаго з самых страшных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва, які шмат у чым змяніў лёсы людзей і сфарміраваў вобраз новага свету, асабліва важна згадаць драматычныя падзеі мінулага, знайсці ў іх вытокі ўзаемапаразумення і прымірэння. Выстава “1918. Нараджэнне новага свету” не толькі дасць магчымасць пазнаёміцца з каштоўнымі гістарычнымі матэрыяламі, але і прадэманструе сучасныя падыходы да інтэрпрэтацыі трагедыі “Вялікай вайны”. Мінскі цэнтр распрацоўкі “Wargaming” прадаставіць для часовай экспазіцыі эксклюзіўныя мультымедыйныя матэрыялы, прысвечаныя бранетэхніцы Першай сусветнай вайны, у тым ліку 3D–праекцыю першага серыйнага танка “Mark I”.

На выставе будуць прадстаўлены ўнікальныя артэфакты з прыватнай калекцыі У.А. Ліхадзедава, якія дазваляюць пабачыць вайну непасрэдна вачыма яе ўдзельнікаў: знакамітага немецкага франтавога фатографа Фрыца Краўскопфа, простага расійскага афіцэра–артылерыста Гродзенскай крэпасці паручыка Конанава, вядомага мемуарыста–франтавіка А.А. Успенскага. Сярод экспанатаў – пісьмовая прылада каменданта Гродзенскай крэпасці генерала М.Н. Кайгародава, унікальны каталог гістарычнай выставы, арганізаванай у 1918 годзе ў Мінску нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй, творы мастацтва, створаныя ў нямецкім палоне расійскімі і французскімі афіцэрамі, і шмат іншага.

Адкрыццё выставы “1918. Нараджэнне новага свету” стане маштабным мерапрыемствам, на якое запрошаны прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. У гасцей будзе магчымасць пагрузіцца ў атмасферу стогадовай даўніны.

Куратар праэкту: Лесін Аляксей Аляксандравіч, навуковы супрацоўнік (328–63–72).

Выстава працуе да 2 снежня.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12,

Тэл. (017) 327 43 22