Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Знакі Незалежнасці. Польскія грошы 1915 –1939”

  • 08.11.2018

8 лістапада 2018 г. а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “Знакі Незалежнасці. Польскія грошы 1915 –1939”.

На выставе “Знакі незалежнасці. Польскія грошы 1915–1939”, падрыхтаванай Падляскім музеем у Беластоку ў супрацоўніцтве з Польскім Інстытутам у Мінску і Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь будуць прадстаўлены сотні банкнот і амаль дзвесце манет, якія ілюструюць сітуацыю на грашовым рынку польскіх земляў часоў ваенных дзеянняў (1914–1918), а таксама эвалюцыю валюты адроджанай польскай дзяржавы (1918 –1939).

Крывавае супрацьстаянне Першай сусветнай вайны скаланула застылыя геапалітычныя асновы Еўропы і дала многім народам шанец на незалежнае дзяржаўнае існаванне. Сярод гэтых народаў апынуліся і палякі, якія ўжо з 1915 года, дзякуючы новым часовым плацежным сродкам, заявілі пра жаданне адрадзіць сваю Радзіму. Такую магчымасць ім далі самі захопнікі, якія спрабавалі здабыць прыхільнасць дэмаграфічна моцнага польскага народа. Яны рабілі гэта праз размяшчэнне надпісаў на роднай мове, а таксама праз выкарыстанне традыцыйнай патрыятычнай сімволікі. У снежні 1916 года на тэрыторыі Варшаўскага генерал–губернатарства была ўведзена новая валюта – польская марка. На банкнотах і манетах тады з'явіўся белы арол – гэта было яго першае афіцыйнае (дзяржаўнае) выкарыстанне з часоў паразы паўстання 1830 – 1831 гадоў.

У 1918 годзе Польшча канчаткова скінула кайданы няволі. Тады было прапанавана адзначыць гэту эпахальную падзею ўвядзеннем новай валюты пад назвай “лех”, але ад ідэі хутка адмовіліся на карысць глыбока ўкаранёнага ў польскай традыцыі “злотага”. Складаныя пасляваенныя ўмовы прывялі да таго, што і гэты праект давялося адкласці. Пераходнай валютай была абраная дзейная ўжо два гады польская марка. Банкноты, выпушчаныя ў 1916 годзе, знаходзіліся ў абароце да 30 лістапада 1923 года.

Аднаўленне разбуранай краіны, і асабліва спроба ўзняць эканамічна адсталую ўсходнюю частку дзяржавы, не былі лёгкімі задачамі. Надзвычай актуальнай праблемай стала гіперінфляцыя. Марка імкліва губляла ў кошце, і трэба было прыняць хуткія захады для нармалізацыі сітуацыі. Каманда эканамістаў пад кіраўніцтвам Уладзіслава Грабскага (тагачаснага прэм'ер–міністра і міністра фінансаў), распрацавала план дзеянняў, сёння вядомы пад назвай “Рэформа Грабскага”. Дзякуючы біржавым умяшанням, курс польскай маркі стабілізаваўся. Пачалася арганізацыя Польскага Банка, а 14 красавіка 1924 года было выдадзена распараджэнне аб увядзенні новай валюты – злотага – ён дзяліўся на 100 грошаў і каштаваў 0,290322 гр. чыстага золата (раўнацэнна швейцарскаму франку). Неўзабаве выявілася, што сістэма занадта “дарагая” ў абслугоўванні, і тады ўлады прыступілі да стабілізацыйнай рэформы (1927–1932), якая, між іншага, знізіла кошт злотага ў золаце.

Шырокую палітру афіцыйных плацежных сродкаў дапаўняюць прыклады цікавых дасягненняў фальшываманетчыскага майстэрства эпохі, інструменты іх стварэння, а таксама шалі для кантролю арыгінальнасці манет.

Выстава працуе па 29 лістапада 2018 года.

Адрас: г.Мінск, вул.К.Маркса, 12

Тэлефон: 327–43–22