Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя калектыўнай манаграфіі «ЦЕНЬ СТРАЛЫ: КУЛЬТУРНЫЯ І ВЕРБАЛЬНЫЯ КОДЫ ТРАДЫЦЫІ»

  • 31.10.2018

31 кастрычніка а 15–й гадзіне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь ладзіць прэзентацыю калектыўнай манаграфіі «ЦЕНЬ СТРАЛЫ: КУЛЬТУРНЫЯ І ВЕРБАЛЬНЫЯ КОДЫ ТРАДЫЦЫІ».

У першую калектыўную манаграфію серыі «Інтэгратыўная фалькларыстыка» па задумцы яе ўкладальнікаў Рымы Кавалёвай (БДУ) і Вячаслава Калацэя (БДУКМ) увайшлі матэрыялы міжнародна вядомых, а таксама маладых даследчыкаў, прысвечаныя абраду ваджэння і пахавання «стралы», які штогод ладзіцца на Ушэсце ў шэрагу сумежных гісторыка–этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны, а ў Рэспубліцы Беларусь – афіцыйна ўключаны ў спіс гісторыка–культурных каштоўнасцей краіны.

Серыя «Інтэгратыўная фалькларыстыка», заснаваная ў 2018 годзе, неўзабаве мусіць сістэмна абагульніць амаль 30–гадовы досвед плённай працы вучэбна–навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ (па фіксацыі і аналізе фальклору) і 15–гадовы досвед кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ (па ахове і перыядычнай рэвіталізацыі шэрагу найбольш знакавых элементаў мастацтва вуснай традыцыі беларусаў) з актуальнымі сёння трэндамі народазнаўства.

Наведвальнікі прэзентацыі першага выдання серыі атрымаюць эксклюзіўную магчымасць азнаёміцца, а таксама, пры жаданні, набыць манаграфію «Цень Стралы: культурныя і вербальныя коды традыцыі» (2018). Эфект паглыблення ў этнамастацтва будзе ўзмоцнены спеўным музычным суправаджэннем аўтэнтычнага фальклорнага гурта «Стаўбунскія вячоркі» Святланы Парашчанкі (вёска Стаўбун), а таксама постфальклорнага гурта «Страла» Эвеліны Шчадрыной (кафедра этналогіі і фальклору БДУКМ) і дэманстрацыяй прысвечанай ваджэнню і пахаванню «стралы» дакументальнай кінастужкі ў жанры аўдыявізуальнай антрапалогіі.

Абрад «Страла» звязаны з землямі Падняпроўя, іх урадлівасцю і дабрабытам мясцовых жыхароў. Ён мае глыбокія архаічныя карані, жыхары падняпроўскіх вёсак сёння часам самі і не ўзгадаюць, з чаго ўсё пачалося. Але мадэль свята стагоддзямі застаецца нязменнай: на апошняе навалунне вясны мясцовыя жанчыны прыбіраюцца ў святочныя ільняныя строі, збіраюцца разам і ідуць шэрагавай працэсіяй праз вёску, спяваючы «стрэльныя» песні (песні, якія, дарэчы, паўплывалі як на музыку Пятра Чайкоўскага, так і на творчасць шэрагу рок–гуртоў ХХІ стагоддзя). Карагодніцы рухаюцца да жыта, дзе закопваюць у зямлі «стралу», тым самым хаваючы цёмную сілу разбурэння Сусвету, пераўтвараючы яе ў дабро, плоднасць, багацце і поспех.

Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Тэл.: +375 17 327 36 65