Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Па той бок жыцця: нямецкая акупацыя ў графіцы Меера Аксельрода"

  • 23.10.2018

У рамках Дзён памяці, прымеркаваных да 75–й гадавіны знішчэння Мінскага гета, 23 кастрычніка а 16–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы "Па той бок жыцця: нямецкая акупацыя ў графіцы Меера Аксельрода".

Экспазіцыя з'яўляецца сумесным праектам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын, Фонду Аляксандра Пячэрскага, галерэі «Веллум», Наців–Ізраільскага культурнага цэнтра пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.

Меер Майсеевіч Аксельрод нарадзіўся ў 1902 годзе ў Маладзечне. У 1921 годзе, пасля ўдзелу ў вялікай мастацкай выставе ў Мінску, атрымаў ад Наркамасьветы Беларусі накіраванне на вучобу ў Маскву. Работы маладога мастака спадабаліся прафесарам Д. Штеренбергу, У. Фаворскаму, П. Паўлінаву, і Аксельрод быў адразу прыняты на графічны факультэт ВМАТЭМАЙСа.

У 1926 годзе ён становіцца членам таварыства «Чатыры мастацтва», актыўна ўдзельнічае ў выставах у Маскве і Беларусі. У пачатку вайны ў 1941 годзе застаўся ў Маскве, адмовіўшыся ад эвакуацыі і спрабуючы даведацца пра лёс арыштаванага брата – паэта Зэліка Аксельрода (расстраляны). Быў мабілізаваны ў войска, але неўзабаве адкліканы Сяргеем Эйзенштэйнам для працы ў здымачнай групе фільма «Іван Грозны» у горадзе Алматы, дзе працаваў да 1944 года і дапамагаў габрэйскім бежанцам з Польшчы. Памёр 10 студзеня 1970 года ў Маскве.

На выставе прадстаўлены графічныя работы мастака, аб'яднаныя агульнай тэмай «Нямецкая акупацыя»: эскізы і накіды да серый «Нямецкая акупацыя» («Зверствы немцаў»), «Гета», а таксама ілюстрацыі да кніг аб Вялікай айчыннай вайне і працоўныя матэрыялы. Выставу ўпрыгожваюць дзве працы на тэму Халакоста іншага савецкага мастака, ураджэнца Беларусі, Абрама Манасзона.

Прадстаўленыя на экспазіцыі "Па той бок жыцця: нямецкая акупацыя ў графіцы Меера Аксельрода" работы экспануюцца ў Мінску ўпершыню.

Куратар выставы – Ілля Васільеў.

Час працы экспазіцыі для наведвальнікаў: 24 кастрычніка – 12 лістапада 2018 года.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Тэл.: 327–43–22