Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Усмешкі Радзімы»

  • 02.10.2018

З 2 кастрычніка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка «Усмешкі Радзімы»(да 80–годдзя Фамы Сільвестравіча Варанецкага).

Выстаўка падрыхтаваная да 80–годдзя заслужанага артыста Беларусі (1990), акцёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, тэатральнага педагога, мастака Фамы Сільвестравіча Варанецкага.

Нарадзіўся 23 сакавіка 1938 года ў вёсцы Траскоўшчына пад Мінскам. У 1961 годзе скончыў Беларускі тэатральна–мастацкі інстытут (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Першая роля маладаго акцёра, Раскольнікаў на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, прынесла яму прэмію за лепшую мужчынскую ролю ў сезоне. У 1971 годзе Фама Сільвестравіч быў прыняты ў трупу Купалаўскага тэатра, дзе служыў 40 гадоў. За гэты час ім створана вялікая колькасць запамінальных вобразаў: ад Паніча з «Раскіданага гнязда» да Клеона з «…Забыць Герастрата!». Іграў ў тэатрах Таліна, Калугі, Львова, Сыктыўкара, мае каля 60 роляў у кіно. У адным з тэлевізійных праектаў Фама Варанецкі ўвасобіў усіх беларускіх князёў ад Усяслава Чарадзея да сямейства Радзівілаў.

Больш за 20 гадоў Фама Сільвестравіч выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў акцёрскае майстэрства, склаў дапаможнік «Асновы майстэрства акцёра». Яго вучні працуюць у найбуйнейшых тэатрах краіны: Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага.

Яшчэ ў 1951 годзе, пасля заканчэння сямігодкі, будучы артыст збіраўся паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча, але сур’ёзна захапіўся выяўленчым мастацтвам у 1970–я гады. Пачынаў з шаржаў, якіх з часам назапасілася на дзве кнігі. Першая — «Неакадэмічная калода» (з эпіграмамi Рыгора Барадуліна) выйшла ў 1993 годзе, другая — «Трэлi ад Нэлі» (з эпіграмамi Нэлі Крывашэевай) — у 2003. Сяброўства з беларускімі жывапісцамі падштурхнула паспрабаваць сябе і ў іншых жанрах, напрыклад, у пейзажы. Фама Сільвестравіч неаднаразова выступаў у ролі мастака–афарміцеля дыпломных работ сваіх вучняў.

На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя работы апошніх гадоў.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Панядзелак – субота з 10:00 да 17:30

тэл. 220-26-67

theatre-museum.by

#dommasonay