Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Творчы вечар Валянціна Елізар'ева «Таямніцы балетнай творчасці»

  • 01.10.2018

1 кастрычніка а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца творчы вечар выдатнага харэографа і балетмайстра, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы Валянціна Елізар'ева «Таямніцы балетнай творчасці». Творчы вечар прымеркаваны да Міжнароднага дня балета. У рамках сустрэчы адбудзецца паказ дакументальнага фільма Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева "Валянцін Елізар'еў. Балет - мастацтва думкі".

Нікога не пакідае абыякавым дзіўны і шматгранны свет балета, які спалучае музычны і тэатральны жанры і ў якім цесна перапляліся некалькі відаў мастацтва: музыка, танец, драматычнае і выяўленчае мастацтва, якія аб'ядноўваюцца паміж сабой, выбудоўваюць зладжаны спектакль.

Гісторыя прафесійнага балета на тэрыторыі Беларусі бярэ свой пачатак з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Першыя балетныя калектывы і балетныя школы з'явіліся ў Слуцку і Нясвіжы – цэнтрах уладанняў князёў Радзівілаў, дзе і былі ўтвораны школы для прыгонных танцоўшчыкаў.

Вялікі ўклад у станаўленне і развіццё беларускага балета ўнёс беларускі балетмайстар Валянцін Мікалаевіч Елізар'еў. Харэограф сусветнага ўзроўню, з імем якога звязаны гучныя поспехі беларускага балета: станаўленне беларускай школы балета, еўрапейскі ўзровень пастановак, сусветнае прызнанне...

На працягу 35 гадоў ён узначальваў Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, стварыў больш за 15 спектакляў. Ужо яго першы балет "Кармэн–сюіта", пастаўлены калі Валянціну Мікалаевічу было ўсяго толькі 26 гадоў, стаў сапраўднай сенсацыяй. Балеты «Стварэнне свету», «Спартак», «Шчаўкунок», «Карміна Бурана», «Балеро», «Вясна свяшчэнная», «Рамэа і Джульета», «Жарсці (Рагнеда)», «Жар–птушка» – найвялікшая спадчына сусветнага мастацтва.

Валянцін Елізар'еў – уладальнік мноства ўзнагарод, сярод якіх самая прэстыжная прэмія ў свеце балета «Benois de la Danse», заснаваная Міжнародным саюзам дзеячаў харэаграфіі, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Айчыны III і II ступені, медаль ЮНЕСКА «Пяць кантынентаў» і інш.

Творчая сустрэча, прымеркаваная да Міжнароднага дня балета, дасць магчымасць пазнаёміцца з захапляльнымі аспектамі балетнага свету, даведацца пра новыя факты з гісторыі беларускага балета і асабіста пазнаёміцца з вялікім Майстрам.

Уваход па квітках на выставу «Майстры Манпарнаса з беларускіх мястэчак».

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Тэл.: 327–43–32