Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "ART SZCZORSY"

  • 12.09.2018

12 верасня 2018 года а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы «ART SZCZORSY» па выніках першага пленэру, прысвечанага памяці графаў Храптовічаў і які прайшоў у сядзібе «Шчорсы». У гэты ж вечар увазе гледачоў будзе прадстаўлена фотавыстава Паўла Санько «Край дзіцячых гадоў», прысвечаная беларуска–польскаму фатографу Яну Булгаку (1876–1950).

У экспазіцыі «ART SZCZORSY» размесціцца каля 30 жывапісных твораў беларускіх мастакоў розных пакаленняў – Аляксандра Ксяндзова, Алеся Марачкіна, Алеся Пушкіна, Алеся Сушы, Дзмітрыя Буглака, Дзмітрыя Пятроўскага, Паўла Чарняўскага. Майстры імкнуліся «рэканструяваць» Шчорсы на сваіх палотнах, узнавіць аблічча палацава–паркавага комплексу Храптовічаў, яго ваколіц і пабудоў у тым выглядзе, быццам бы іх не закрануў час. Карціны жывапісцаў адзначаны стылістычнай разнастайнасцю, асаблівай пластыкай, аўтарскім прачытаннем тэмы адраджэння культурнай спадчыны. Палотны мастакоў пранізаны глыбокай павагай да гісторыі і традыцый беларускай зямлі.

На фотавыставе «Край дзіцячых гадоў» навагрудскі фатограф Павел Санько пазнаёміць наведвальнікаў з краявідамі Навагрудчыны, маляўнічымі куткамі сваёй малой радзімы. На многіх здымках таленавітага фотамастака адлюстраваны гістарычныя месціны і архітэктурныя помнікі з вышыні птушынага палёту.

Важна падкрэсліць, што арганізацыя гэтага пленэру і выставы, роўна як і сама ідэя адраджэння гістарычнай спадчыны Шчорсаў – прыватная ініцыятыва з боку беларускага краязнаўцы і калекцыянера Дзмітрыя Шаўні. Адроджаная ім некалькі гадоў таму сядзіба «Шчорсы» размяшчаецца на тэрыторыі парка былога палаца графаў Храптовічаў – помніка архітэктуры другой паловы XVIII – пачатку XIX стагоддзя. На сённяшні дзень дзверы сядзібы адкрыты для правядзення мастацкіх фестываляў, літаратурных чытанняў, музычных вечарын. Гасцям прапануецца займальная экскурсія па ўнікальных інтэр’ерах дома, знаёмства з навакольнымі гістарычнымі мясцінамі і шмат іншага. Аднак калекцыянер не збіраецца спыняцца на дасягнутым. У яго планы на бліжэйшыя некалькі гадоў уваходзіць прыцягненне зацікаўленых партнёраў з мэтай поўнай рэканструкцыі палацава–паркавага комплексу Храптовічаў. Гэта месца з багатай гісторыяй можа стаць сапраўдным гонарам беларусаў, пра які, магчыма, даведаюцца далёка за межамі нашай краіны.

Адрас: г. Мінск, вул.К.Маркса, 12

Тэлефон: 327–43–22