Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Адзенне нашых продкаў»

  • 04.09.2018

З 4 верасня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачне сваю працу выстаўка «Адзенне нашых продкаў» (графіка XVIII–XIX стагоддзяў са збору Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі мастацтваў).

Выстаўка падрыхтавана Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры сумесна з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай мастацтваў. Гонарам бібліятэкі па праву з'яўляецца калекцыя гравюр XVIII–XIX стагоддзяў рускіх і замежных мастакоў. Экспазіцыя «Адзенне нашых продкаў» пазнаёміць гледача з багатымі матэрыяламі бібліятэкі па гэтай тэме.

У графічнай калекцыі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі мастацтваў шырока прадстаўлены касцюм шматлікіх народаў, якія цягам мінулых стагоддзяў засялялі Расію. Сярод іх – народы Паўночнага Каўказа і Паволжа, Крайняй Поўначы і Сібіры, а таксама Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі, Беларусі, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі.

Побыт і традыцыі рускага і іншых народаў Расіі ўяўляліся экзатычнымі для замежнікаў, якія наведвалі краіну. Калі пісьменнікі пакінулі нам літаратурныя тэксты, то мастакі імкнуліся замалёўваць усё, што іх уражвала.

Для экспазіцыі былі адабраны гравюры І.–Г.Георгі (1729–1802), літаграфіі Е.М.Карнеева (1782–1839) і хромалітаграфіі з альбома «Народы Расіі» выдаўца Г.–Ф.Х.Паўлі (1817–1867), які прыцягнуў да працы шматлікіх расійскіх і замежных мастакоў.

На адных гравюрах персанажы статычныя, на іншых паказаны за якім–небудзь заняткам. Усе фігуры намаляваныя на фоне краявіду, фасада або ў інтэр'еры жылля — у залежнасці ад таго, што мастакам ўяўлялася найбольш тыповым для дадзенай мясцовасці.

Наведвальнікам выстаўкі прапануецца палюбавацца прыгажосцю, багаццем і разнастайнасцю касцюма многіх народаў, пазнаёміцца з асаблівасцямі іх культуры і побыту, ацаніць індывідуальную, непаўторную манеру кожнага мастака – аўтара прадстаўленых тут работ.

Наш адрас: г. Мінск (Верхні горад),

Музычны завулак, 5

Тэлефон для даведак 220–26–67

theatre.histmuseum.by

#dommasonay