Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Срэбнае стагоддзе ювеліраў Расіі» (са збору Дзяржаўнага гістарычнага музея, Масква)

  • 08.09.2018

З 8 верасня па 7 лістапада 2018 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава «Срэбнае стагоддзе ювеліраў Расіі» (са збору Дзяржаўнага гістарычнага музея,  Масква).

Важная частка рускай культуры – залатая і срэбная справа, якая перажыла ў 2–й палове ХІХ – пачатку ХХ ст. час росквіту, радыкальных стылёвых пераменаў. Высокі ўзровень культуры і вытворчасці дазволілі не толькі выкарыстаць у дэкоры элементы папярэдніх стыляў, але і ўзбагаціць мову ювелірнага майстэрства, стварыўшы на мяжы ХІХ–ХХ стст. самабытны стыль нацыянальнай рамантыкі, які творча сінтэзаваў рускі стыль з мастацтвам мадэрну.

Заснавальнікамі стылю нацыянальнай рамантыкі прынята лічыць мастакоў В.Васняцова, М.Врубеля, Е.Паленава, М.Рэрыха, якія звярнуліся да стварэння вырабаў дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва, значна ўзбагаціўшы дэкор новымі карункамі, рамантычнымі, казачнымі сюжэтамі.

У 2–й палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Масква і Пецярбург былі асноўнымі цэнтрамі ювелірнай вытворчасці. Пецярбург выступаў у якасці заканадаўца моды, стылістычных кірункаў, у асноўным, з’арыентаваных на заходнееўрапейскую культуру. Маскоўская школа складвалася на грунце старадаўніх традыцый, народнага мастацтва – практычна ўсе шматлікія фабрыкі і майстэрні (у Маскве іх налічвалася каля 500) выпускалі вырабы ў рускім стылі.

Маскоўская ювелірная школа прадстаўлена на выставе вырабамі сусветна вядомай фірмы І.Губкіна – прыдворнага пастаўшчыка Расійскага імператарскага Двара, майстэрняй І.Аўчыннікава, заслугай якой з’яўляецца адраджэнне і развіццё нацыянальнага стылю. У экспазіцыі – работы фірмы І.Хлебнікава, якая спецыялізавалася на вытворчасці брыльянтавых, залатых і срэбных вырабаў, фірмы Ф.Рукерта, пазначаныя непаўторнай арнаментацыяй, характэрнай для дахрысціянскага мастацтва.

Пецярбургскую школу прадстаўляе знакамітая фірма К.Фабержэ, асновай для якой сталі творча перапрацаваныя каралеўскія стылі Людовіка ХV і Людовіка ХVI і якая мела сваё аддзяленне ў Маскве, а таксама майстэрня “Руская эмаль” І.Брыцына, якая стварала вырабы з эмалямі асабліва празрыстых і складаных адценняў. Значнае месца ў экспазіцыі адведзена ювелірным работам фірмы братоў Грачавых, уганараваных на выставах у Капенгагене, Чыкага, Ніжнім Ноўгарадзе, фірмы П.Сазікава, стваральнік якой з поўным правам лічыцца адным з заснавальнікаў рускага стылю ў ювелірным мастацтве.

Выстава знаёміць і з шэрагам іншых ювелірных фірмаў, майстэрань, з асобнымі майстрамі–ювелірамі таго часу ў Расіі: работамі майстроў П.Агафонава, С.Вайзенгера, К.Скварцова, майстэрні П.Амерыканцава, М.Сакалова, фірмай Н.Немірова–Калодкіна, А.Ціландэра, фабрыкай А.Спарышкіна, А.Фульда.

Асобны аддзел выставы – “Срэбра рускай арміі”. Гэта наборы для напояў, браціны, каўшы, упрыгожаныя выявамі гістарычных бітваў, разнымі надпісамі і пагаворкамі. Шматлікія срэбныя прадметы палкоў, якія ўпрыгожвалі святочны стол, былі падарункамі афіцэрскім сходам ад шэфаў і камандзіраў з нагоды розных юбілеяў.

Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена 149 рарытэтаў са збору вядучага расійскага гістарычнага музея, пры гэтым агульная вага срэбных вырабаў на выставе складае 79 380 г.

«Гэты маштабны міжнародны выставачны праект упершыню ў Беларусі дае ўнікальную магчымасць далучыцца да ўзораў рускага ювелірнага мастацтва перыяду яго росквіту і стварэння новых формаў. Адной з галоўных мэтаў дзейнасці, якую наша кампанія па-за рамкамі асноўнага бізнесу вядзе ў сацыякультурнай сферы, з'яўляецца пашырэнне доступу да твораў мастацтва, і выстава "Срэбнае стагоддзе ювеліраў Расіі" - яшчэ адзін крок, які рэалізуецца Нацыянальным гістарычным музеем у гэтым кірунку на працягу васьмігадовай гісторыі нашага партнёрства», - падкрэсліў намеснік генеральнага менеджэра кампаніі JTI у Беларусі Генадзь Бруснікаў.

Праект рэалізаваны пры падтрымцы генеральнага партнёра Нацыянальнага гістарычнага музея - кампаніі JTI.