Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



11.07.2018 - Падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве з Шэньянскім фінансавым музеем (КНР)

  • 11.07.2018

11 ліпеня 2018 года ў Мінску адбылося падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Шэньянскім фінансавым музеем (правінцыя Ляонін, Кітайская Народная Рэспубліка). У цырымоніі ўдзельнічалі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея П.М. Сапоцька, афіцыйны прадстаўнік Шэньянскага фінансавага музея г–н Лу Лэй і іншыя асобы.

Беларускі і кітайскі бакі дамовіліся аб узаемадзеянні ў сферах захавання музейных калекцый, арганізацыі выставаў, абмену інфармацыяй, музейнай педагогікі. Плануецца абмен спецыялістамі і сумеснае даследаванне найноўшых музейных тэхналогій. Супрацоўніцтва паміж двума музеямі ў поўнай меры адпавядае курсу на сяброўскія і ўзаемавыгадныя адносіны паміж народамі Беларусі і Кітая.

Шэньянскі фінансавы музей – адзін з самых буйных і папулярных у сталіцы правінцыі Ляанін. Ён валодае багатай калекцыяй па гісторыі фінансаў і грашовага звароту Кітая, а таксама іншых краін свету. Кіраўніцтвам Шэньянскага фінансавага музея ўжо прапанаваны выставачны праект, які плануецца у 2019 годзе прадставіць у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу, кітайскі бок выказаў зацікаўленасць у правядзенні выставы гісторыка–культурных каштоўнасцяў Беларусі.

У папярэднія цырымоніі дні афіцыйны прадстаўнік шэньянскага фінансавага музея г–н Лу Лэй азнаёміўся з пастаяннай экспазіцыяй Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і экспазіцыямі філіялаў. Замежны госць даў высокую адзнаку ўбачанаму і падкрэсліў, што адкрыў для сябе невядомыя яму раней бакі гісторыі і культуры Беларусі, якія могуць быць цікавыя шырокай кітайскай аўдыторыі.