Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



20.04.2018 - Адкрыццё выставы "Святло і цень. Фотаздымкі Льва Дашкевіча" ў г. Лодзь (Польша)

  • 24.04.2018

Сябры! 20 красавіка 2018 года ў г. Лодзь (Польшча) адкрылася выстава "Святло і цень. Фотаздымкі Льва Дашкевіча".

Выстаўка з'яўляецца вынікам вялікай навукова–даследчай работы супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у асобнасці, куратара выставы, загадчыцы аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Надзеі Саўчанка, якой удалося ідэнтыфікаваць фатаграфіі, падпісаныя толькі аўтарскай манаграмай фатографа «Л.Д.» і датаваныя 1923 годам. У выніку, акрамя ўстанаўлення аўтарства ўнікальнай калекцыі фатаграфій, было выяўлена мноства фактаў, звязаных з дзіўным лёсам фатографа, устаноўлены абставіны і месца здымкаў, больш за тое, калекцыя папоўнілася фатаграфіямі з сямейнага архіва нашчадкаў Л.У.Дашкевіча.

Фатаграфіі Льва Дашкевіча пры садзейнічанні ізраільскага фатографа Аліка Замосціна былі беражліва рэканструяваны (Барыс Равіч, Ізраіль), павялічаны і ўпершыню прадстаўлены шырокаму гледачу ў Ерусаліме на выставе «Святло і цень» у красавіку 2016 года. Назва выставы вельмі сімвалічна, бо святло і цень ігралі важную ролю ў творчасці Льва Урбановіча, пра што сведчаць яго працы.

На выставе прадстаўлены 40 рэканструяваных фотаздымкаў, выкананых Львом Дашкевічам у перыяд з 1910 па 1950 гады. Большая частка фотаздымкаў з'явілася на свет у ходзе этнаграфічнай экспедыцыі ў 1923 годзе ў Ігуменскім і Лагойскім паветах.