Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Жыццё цудоўнае"

  • 20.03.2018

20 сакавіка 2018 года а 18-й гадзіне ў выставачнай зале "Музея гісторыі беларускага кіно" – філіяла ДУ "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь" – адкрыецца персанальная выстава Славы Новаслаўскага "Жыццё цудоўнае".

Слава Новаслаўскі – малады мастак з правінцыі з арыгінальным поглядам на свет. Нарадзіўся ў Беларусі ў 1974 годзе. Удзельнік рэспубліканскіх выстаў і міжнародных праектаў. У 2016 годзе стаў дыпламантам «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам» у Мінску. Па словах Аляксандра Бароўскага, загадчыка аддзела найноўшых плыняў Дзяржаўнага Рускага музея Санкт–Пецярбурга, «Новаславскі, пайшоўшы ў мастацтве па дарозе «кітчпопа», знайшоў што–нешта сваё».

Маналог мастака дапаможа зразумець сутнасць яго творчасці: «Мастацтва выяўляе ў чалавеку галоўнае – ступень яго жыцця, наколькі ты жывы ўнутры. Гэта не абавязкова жывапіс, гэта ўсё што заўгодна, усё, што стварае нейкі сэнс. Мастацтва – гэта рэч, якая стварае сэнс. Калі чалавек унутры ужо мёртвы, яго нічога не хвалюе: ні святло, ні снег, ні сонца, ні захад, ні каханая жанчына, ні любімы мужчына. Яму проста ўсё роўна. Гэта заўсёды вельмі добра відаць. І справа не ў тым, прыгожы ты ці не, багаты ці бедны, а справа ў тым, што Свабода і Жыццё заўсёды выяўляюцца. Гэта альбо ёсць у чалавеку, альбо ў ім нічога няма. Калі чалавек не да канца мёртвы, я веру ў тое, што, прыклаўшы пэўныя намаганні, яго можна ажывіць. Гэта вельмі цяжка. Я спрабую гэта рабіць сваім мастацтвам».

На выставе экспануецца 30 работ мастака ў розных тэхніках – жывапіс, графіка, калаж, аплікацыя, фатаграфія – з наступных серый "Сусвет складаецца з гісторый, не з атамаў" ("The universe is made of stories not atoms"), "Інтымны дзённік", "Любімыя паэты", а таксама ўпершыню прадстаўляюцца шырокай публіцы працы з новай аўтарскай серыі "Жыццё цудоўнае" ("Life is Beautiful").

Выстава працуе штодня з 11–00 да 19–00.

Мінск, вул. Свярдлова, 4, выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно.

Даведкі па тэл. (8 017) 327–10–75 або (8 029) 627–10–75