Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя памятных манет серыі “Шлях Скарыны”

  • 25.01.2018

25 студзеня 2018 г. а 17–й гадзіне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь праводзіць прэзентацыю аднаго з найбольш знакавых набыткаў мінулага года – прадстаўляе камплект памятных манет серыі “Шлях Скарыны”. Яны прысвечаны 500–годдзю беларускага кнігадрукавання і выпускаліся ў абарачэнне Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь на працягу 2015 – 2017 гг.

Маштаб асобы Францыска Скарыны і яго асветнай дзейнасці настолькі значны ў айчыннай гісторыі, што Нацыянальны банк не мог не адгукнуцца на гэтую падзею. На памятных манетах серыі “Шлях Скарыны” прадстаўлена шэсць гарадоў: Полацк, Кракаў, Падуя, Венецыя, Прага, Вільня (Вільнюс) – тыя, што адыгралі вялікую ролю ў жыцці і дзейнасці Скарыны, звязанай з яго перакладам і друкаваннем Бібліі.

На манетах прысутнічаюць не толькі старажытныя відарысы названых гарадоў, але таксама знакі і сімвалы, якія ўвасабляюць сутнасць іх повязі з асветнікам. Да прыкладу, на манеце з пражскай тэматыкай як сімвал Прагі і знак найвышэйшага ўздыму творчых сіл Скарыны змешчана выява знакамітага ратушнага гадзінніка “Арлой”. Для таго, каб сканструяваць на манеце цыферблатныя дыскі з зададзенай гадзінай астранамічнага часу, палажэннем сонца і фазай месяца ў дзень 6 жніўня 1517 г. (дзень выхаду з друку першай кнігі Скарыны), стваральнікі манеты звярнуліся да прафесійных астраномаў.

Апроч таго, на манетах прадстаўлена і сама Кніга кніг у мастацкай і тэкставай інтэрпрэтацыі Скарыны: паказана прыгажосць шрыфтоў выдання, разнастайнасць гравюр, вытанчанасць дэкору… Выклікае здзіўленне, як шмат інфармацыі можа змясціць невялікая паверхня манеты.

Манеты юбілейнай серыі чаканіліся на Літоўскім манетным двары прафесіяналамі найвышэйшай кваліфікацыі. Выкарыстаная імі тэхналогія аксідавання – амаль што ручная: кожная манета нясе адбітак унікальнасці.

Нумізматычны камплект, які цяпер эфектна выстаўлены ў музейнай экспазіцыі, – дар Нацыянальнага банка Рэсублікі Беларусь Нацыянальнаму гістарычнаму музею.

У прэзентацыі возьмуць удзел прадстаўнікі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Дызайнер манетнай серыі пакажа незвычайна прыгожы аўтарскі відэашэраг “Шлях Скарыны” з элементамі анімацыі. Супрацоўнік музея, аўтар навуковай распрацоўкі гэтай серыі раскажа пра асаблівасці некаторых гравюр Скарыны, абраных для памятных манет. Аўдыторыі будзе прапанавана гульня–тэст па тэмах кнігадрукавання і нумізматыкі з уручэннем прызоў.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: 327–43–22