Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Скроневыя колцы

  • 06.12.2017

У VI – VII стст. тэрыторыю Беларусі засяляюць славяне – галіна вялікай індаеўрапейскай сям’і, якая, у сваю чаргу, таксама дзеліцца на некалькі дробных частак. У гэтых людзей агульныя карані і адрозніць іх адзін ад аднога не так проста. Неабходна ведаць шэраг пэўных знакаў, якія дапамагаюць сучасным зацікаўленым у гэтай справе. Скроневыя колца – адзін з асноўных.

Скроневыя колцы адрозніваюцца па сваёй форме, памеры і тэхніцы выканання. Менавіта гэтыя адрозненні і з’яўляюцца для даследчыкаў найбольш цікавымі. Якраз дзякуючы ўпрыгажэнню можна з дакладнасцю сказаць, з якога племені жанчына паходзіла, на якіх землях нарадзілася, у якім стагоддзі жыла.

Скроневае колца – самы распаўсюджаны від біжутэрыі, які сустракаецца археолагам. Найчасцей скроневыя колцы даследчыкі знаходзяць на месцах пахаванняў. Шматлікія формы скроневых упрыгожанняў выкарыстоўваліся яшчэ ў старажытнасці. У сярэднявечны перыяд скроневыя колцы існавалі ў Візантыі, у Заходняй Еўропе, у славянскіх плямёнаў, прычым у апошніх у VIII – IX стст. яны атрымалі вельмі шырокае распаўсюджванне, таму лічыліся нават спецыфічна славянскімі ўпрыгажэннямі.

Найвышэйшую папулярнасць на нашых землях колцы займелі ў перыяд Сяраднявечча, з VIII па XII ст.

Скроневае колца – упрыгажэнне жаночага галаўнога ўбору, якое мацавалі каля скроняў. Часам жанчыны падвешвалі скроневыя колцы на стужках альбо раменьчыках, ці ўмацоўвалі непасрэдна ў валасах, а ў выключных выпадках іх прасоўвалі ў мочку вуха, як завушніцы. Колькасць колцаў на адной стужцы магла быць варыяцыйнай: ад аднаго да васьмі. Магчыма, такім чынам праяўлялася сацыяльная няроўнасць, але ёсць і іншае тлумачэнне: колькасць колцаў у жанчын залежала ад узросту – чым старэйшая жанчына, тым больш колцаў яна магла насіць. Традыцыйна аздобы вырабляліся з медзі, бронзы ці золата.

Цікава паходжанне самой назвы “скроневае колца”. Справа ў тым, што такую назву ім далі ўжо непасрэдна самі археолагі. Як іх называлі славяне, дакладна невядома, але адна з гіпотэз кажа, што назва такіх упрыгажэнняў – “вусерадзь”, ад слова вуха, відавочна, над якім яны і мацаваліся.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі суседнічалі тры магутныя славянскія групоўкі: крывічы на поўначы, дрыгавічы на поўдні, радзімічы на ўсходзе. Скроневыя колцы першых былі падобныя на звычайныя бранзалеты, зробленыя з простага дроту.

У дрыгавічоў яны былі ўжо больш складанымі. На колца мацавалі каля трох бусінаў, звычайна залатых. Бусіна – полы шарык, амаль заўсёды ўпрыгожвалася арнаментам, тэматычна звязаным з сонцам. Самі бусіны і ўвасабляюць сонца ў яго трох дзённых фазах.

Трэці від – сяміпрамянёвыя скроневыя колцы, характэрная рыса радзімічаў. Такое колца – сапраўды прыгожая рэч. Сярэдняя яе частка ўяўляе сабой шчыток–пласцінку, ад ніжняга краю якога адыходзяць сем адросткаў, яны нагадваюць прамяні або лапкі, на верхняй частцы шчытка ёсць дужка і сем трохкутных маленькіх зубчыкаў. Як і ў астатніх, яны таксама сімвалізуюць сабой сонца.

У фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца багатая калекцыя скроневых колцаў, якая ўключае ў сябе ўсе тры вышэйазначаныя тыпы.

Падчас экспедыцыі 1961 года каля вёскі Свішча археолагамі ў курганным могільніку было знойдзена трохбусіннае скроневае колца. Гэта значыць – дрыгавічы жылі тут!

У 1969 годзе каля вёскі Бароўнікі ў працэсе археалагічных раскопак былі знойдзены бранзалетападобныя скроневыя колцы з трапецападобнымі падвескамі, што пацвяражае факт рассялення крывічоў на поўначы Беларусі.

Праз 14 гадоў, у 1983 годзе, пад вёскай Дубавішчы адбываецца археалагічная экспедыцыя. Менавіта пад час раскопак курганных могільнікаў яе ўдзельнікі знаходзяць сяміпрамнёвае скроневае колца – маркер радзімічаў.

Неабходна адзначыць, што, на самой справе, тыпаў і відаў скроневых колцаў нашмат больш, чым тыя тры, адзначаныя вышэй. Апісаныя тут віды скроневых колцаў уласцівыя менавіта тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пры тым, нават гэтыя тры віды не раскрываюць тэму поўнасцю. Неабходна памятаць, што скроневыя колцы з цягам часу нікуды не знікалі, а толькі трансфармаваліся ў іншыя віды ўпрыгажэнняў.