Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фотавыстава “Храмы Віцебшчыны”

  • 22.11.2017

У Галерэі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з 21 лістапада па 10 снежня працуе фотавыстава “Храмы Віцебшчыны”. Яна праводзіцца ў рамках экспазіцыі “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”.

Выстава “Храмы Віцебшчыны” – своеасаблівая справаздача фотамастака Васілія Белякова пра яго вандроўкі па Віцебскай вобласці. Васілій Белякоў скончыў геалагічны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, ваенную акадэмію, падпалкоўнік запаса. Жыве ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці.

З 2009 года займаецца актыўнай выставачнай дзейнасцю. Супрацоўнічае з навуковым аддзелам Нацыянальнага парка “Нарачанскі”: у гарадах Паставы, Мядзел, пасёлку Нарач прайшла яго фотавыстава “Прырода роднага краю”. У 2013 годзе фотамастаком пры садзейнічаннні арганізацыі “Зялёны крыж” падрыхтавана выстава “Сляды гісторыі”, прысвечаная падзеям Першай сусветнай вайны. У наступным годзе стартаваў шматгадовы сумесны праект Васілія Белякова і навуковага аддзела Нацыянальнага парка “Нарачанскі” пад назваю “Их судьбы слиты воедино…” аб слядах падзей Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Пастаўскага, Мядзельскага і Смаргонскага раёнаў. У 2015 годзе фотавыставы Белякова прайшлі ў Віцебску і шэрагу гарадоў Мінскай вобласці.

Звыш 20–ці тысяч кіламетраў праведзена Васіліем Беляковым у пешаходных і веласіпедных маршрутах на працягу 2013 – 2016 гадоў, адзняты матэрыял для новых паказаў. У гэтым – стыль, сэнс і вобраз жыцця падарожніка і фотамастака.

Адметнасць большасці прадстаўленых на выставе работ у тым, што фотамастак не выкарыстоўвае фоташоп, а шукае такія ракурсы, дзе не бачны індустрыяльныя элементы, а толькі культавыя пабудовы і акаляючая прырода. На фотаздымках Васілія Белякова паўстаюць маляўнічыя і вытанчаныя, манументальныя і някідкія храмы праваслаўных, католікаў, стараабрадцаў – кожны са сваім адметным стылем і ўнікальнай гісторыяй.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: 327–43–22