Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"КАПЯЛЮШНЫ ВЕРНIСАЖ - 2017"

  • 15.11.2017

Штогадовая выстава жаночых капялюшыкаў і аксесуараў дызайнераў з Беларусі і блізкага замежжа адкрыецца сёлета 15 лістапада ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно (г. Мінск, вул. Свярдлова, 4).

Галаўны ўбор – гэта прыгожы і функцыянальны аксэсуар, які надае асаблівы шарм жанчыне. Для адных гэта падарожжа ў гісторыю, для іншых – модная дэталь гардэроба... Але ў любым выпадку гэта выразны акцэнт у вобразе.

На выставе прадстаўлены работы каля 30 удзельніц. Прычым, не толькі майстроў капялюшнай справы. Больш разнастайнай экспазіцыю робяць карціны, лялькі і аксэсуары ў выглядзе жаночых упрыгожванняў, пальчатак і сумачак, вырабленыя ўручную.

Дызайнер адзення з Брэста Таня Тур дэманструе некалькі «лукаў» са сваёй калекцыі, дапоўненых галаўнымі ўборамі і брошкамі. Гэты аўтар адрозніваецца сваім поглядам на моду, у яе уборах шмат дэталяў, выкананых уручную (вязанне, вышыўка).

Масквічка Наталля Барысава, шматгадовы прызёр міжнароднага фестывалю ў горадзе Кассад (Францыі) і афіцыйны прадстаўнік гэтага фестывалю ў Маскве, паказвае калекцыю вінтажных капялюшыкаў, а таксама сустрэнецца з прыхільнікамі гэтага цудоўнага аксэсуара 18 лістапада ў 14 гадзін непасрэдна ў выставачнай зале...

Каб ацаніць і палюбіць гэты выдатны аксэсуар, яго трэба аднойчы прымерыць, а яшчэ лепш – сфатаграфаваць атрыманы вобраз. Мы прапануем паўдзельнічаць у конкурсе на лепшае #селфішляпныйвернісаж# і атрымаць прыз. Конкурс праводзіцца разам з нашым партнёрам – крамай "HAND MADE". Тым жа, хто не бачыць сябе ў капялюшыку, але выдатна піша і здымае, адрасаваны іншы конкурс – на лепшы рэпартаж (таксама з прызам ад арганізатараў выставы). Сваю інфармацыю ўдзельнікі могуць размясціць на прасторах інтэрната, а спасылку на фотарэпартаж адправіць Марыне Духан або Ганне Дехтяревой (Facebook, VK, Інстаграм).

А для тых, хто проста шануе прыгожае і гатовы падтрымаць сваім голасам якую–небудзь з работ, прадстаўленых на выставе, – конкурс глядацкіх сімпатый.

Абвяшчэнне пераможцаў усіх конкурсаў адбудзецца 2 снежня ў 15 гадзін. Жадаем усім ўдачы!

Прымярайце, любуйцеся, дзяліцеся выдатнымі момантамі! Восень на вуліцы, а ў нас Вясна!

Адрас:

Музей гісторыі беларускага кіно; г. Мінск, вул. Свярдлова, 4; тэл. 327–10–75 / 8029 627–10–75

Час працы:

Будні – з 11:00 да 20:00

Субота і нядзеля – з 11:00 да 19:00

Панядзелак – выхадны.

Кошт квіткоў:

2 руб. – для дзяцей з 6 гадоў і школьнікаў;

2,5 руб. – для студэнтаў і пенсіянераў;

3 руб. – для ўсіх іншых катэгорый наведвальнікаў.