Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “1917. Рэвалюцыя і тэатр”

  • 03.11.2017

Выстаўка “1917. Рэвалюцыя і тэатр” прымеркавана да 100–годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Падзеі рэвалюцыі знайшлі шырокае адлюстраванне ў рэпертуары беларускіх тэатраў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі актыўную дзейнасць пачынаюць развіваць “Беларуская хатка” і Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Менавіта Таварыства першым адгукнулася на гістарычныя зрухі, ужо летам 1917 г. паставіўшы п’есу Ул. Галубка “Апошняе спатканне”. Рэвалюцыйныя падзеі далі штуршок да ўзнікнення новых тэатральных калектываў. З удзельнікаў Таварыства драмы і камедыі, “Беларускай хаткі” і хору У. Тэраўскага 22 снежня 1918 года быў створаны Беларускі савецкі тэатр. У 1919 г. у Віцебску ўзнік першы тэатр рэвалюцыйнай сатыры (Тэрэвсат), рэпертуар якога складалі агітацыйна–прапагандысцкія пастаноўкі.

Да першага юбілею рэвалюцыі калектыў БДТ–2 (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа) ажыццявіў пастаноўку “Каля тэрасы” М. Грамыкі (1927), годам пазней п’есу “Разлом” Б. Лаўранёва, стаўшую папулярнай у СССР. У далейшым гэты тэатр неаднаразова вяртаўся да тэмы рэвалюцыі ў пастаноўках “Першая конная” У. Вішнеўскага (1930), “Чалавек з ружжом” м. Пагодзіна (1938) і інш. Сярод прысвечаных рэвалюцыі пастановак калектыву БДТ–1 (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы) – “Сацыялістка” Ц. Гартнага і “Гімн працы” Ул. Андрэенкі (1923), “Пагібель воўка” Э. Самуйлёнка (1939), “Залп “Аўроры” М. Бальшынцова і М. Чыярэлі (1952), “Трэцяя патэтычная” М. Пагодзіна (1959) і інш. Дзяржаўны рускі драматычны тэатр (зараз Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага) паставіў спектаклі “Як гартавалася сталь” М. Астроўскага (1937), “Інтэрвенцыя” Л. Славіна (1940), “Аптымістычная трагедыя” У. Вішнеўскага (1956), “Галоўная стаўка” К. Губарэвіча (1957), “Васа Жалязнова” М. Горкага (1958), “Шостага ліпеня” М. Шатрова (1966). Такія творы, як “Гібель эскадры” А. Карнейчука, “Браняпоезд 14–69” У. Іванава, “Крамлёўскія куранты” М. Пагодзіна, прысутнічалі ў рэпертуары многіх тэатраў краіны. Тэме рэвалюцыі былі прысвечаны таксама і оперныя пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета: “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага (1939) і “Кастрычнік” В. Мурадэлі (1965).

На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры: сцэнаграфія, фотаздымкі, афішы да спектакляў на тэму рэвалюцыі.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г.Мінск, зав. Музычны, 5,

Штодня з 10.00 да 17.30

тэл. 220 26 67

theatre–museum.by

#dommasonay