Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



РЫХТУЕЦЦА НОВАЯ ВЫСТАВА!

  • 16.08.2017

Да Дзён беларускага пісьменства, якія ў гэтым годзе праходзяць пад знакам 500–годдзя выхаду ў свет пражскага выдання Бібліі Францыска Скарыны, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь рыхтуе выставу «Беларусь: адраджэнне духоўнасці». У Беларусі на працягу ўсёй яе гісторыі духоўныя каштоўнасці фарміраваліся пры ўзаемадзеянні і ўзаемаўплыве рэлігіі і свецкай культуры, таму адна з задач выставачнага праекту – паказаць шляхі фарміравання духоўных прынцыпаў жыцця беларусаў у розныя часы праз народныя традыцыі, рэлігію, мастацтва.

Наступная задача – адлюстраваць станоўчыя працэсы адраджэння духоўнасці ў нашыя дні: рост цікаўнасці беларусаў да сваёй гісторыка–культурнай спадчыны, стварэнне дзяржавай належных умоў для развіцця культуры, функцыянавання рэлігій.

Нарэшце, выстава засведчыць дасягненні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, іншых музеяў краіны, устаноў культуры, рэлігійных арганізацый у справе захавання, вывучэння і прэзентацыі помнікаў гісторыі і культуры. Не выпадкова таму поруч з Нацыянальным гістарычным музеем у праекце прымаюць удзел вядучыя музеі краіны, а таксама Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мінскі Свята–Елісавецінскі манастыр.

Статус міжнароднай выстава набывае дзякуючы ўдзелу ў ёй Дзяржаўнага гістарычнага музея з Масквы, які прэзентуе арыгінал пражскага выдання Бібліі Скарыны 1517 года. Гэтая кніга, на жаль, адсутнічае ў музейных зборах Беларусі.

На працягу ўсёй падрыхтоўкі выставы музей будзе знаёміць з асобнымі музейнымі прадметамі, якія ўвойдуць у экспазіцыю. Сёння размова пойдзе пра адзін з найцікавейшых экспанатаў выставы – віслую свінцовую пячатку Еўфрасінні Полацкай. Унікальны артэфакт 12 стагоддзя захоўваецца ў зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка–культурнага музея–запаведніка.

Пячатка знойдзена ў ходзе раскопак, якія праводзіліся ў Полацку ў 1998 годзе пад кіраўніцтвам С.В. Тарасава на тэрыторыі Спаса–Еўфрасіннеўскага манастыра. На адным яе баку – паясная выява Спаса Уседзяржыцеля і надпіс, на другім – частка надпісу ў абадку: «ГОСПОДИ ПОМОЗИ РАБЕ СВОЕЙ…». Канчаткова вызначыць, што яна належала менавіта Еўфрасінні Полацкай, дапамагла знаходка яшчэ адной пячаткі ў 2015 годзе. Атрыбуцыю зрабіла кандыдат гістарычных навук І.Л. Калечыц: на адным з бакоў артэфакту размешчаны надпіс «ГОСПОДИ, ПОМОЗИ РАБЕ СВОЕЙ ОФРОСИНИИ», такі самы надпіс быў размешчаны на бакавых тарцах Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Трэба адзначыць, што і ў бягучым годзе пры правядзенні археалагічных раскопак у Полацку таксама была знойдзена манастырская пячатка, якая, на думку вучоных, належала Еўфрасінні Полацкай.

Беларуская асветніца Еўфрасіння Полацкая, прылічаная да ліку святых, шануецца як заступніца Беларусі.