Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Канцэрт Кацярыны Ваданосавай і гурта "Fantasy Orchestra"

  • 08.07.2017
8 ліпеня 2017 года а 19-й гадзіне ва ўнутраным дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбудзецца канцэрт беларускай спявачкі Кацярыны Ваданосавай і гурта Fantasy Orchestra.

Кацярына Ваданосава - беларуская спявачка, паэт, музыкант, выканаўца. Аўтар паэтычнага зборніка "Міфатворчасць" (2015 г.) ды музычнага альбома з аднаіменнай назвай (2016 г.). Нарадзілася ды жыве ў Мінску. Атрымала адукацыю па спецыяльнасці "Гісторыя. Рэлігіязнаўства". Грае на некалькіх музычных інструментах. Мае вакальны дыяпазон у тры актавы. У сваіх песнях абапіраецца на традыцыі айчыннай народнай культуры, на еўрапейскую музыку эпохі Сярэднявечча, Рэнесанса ды Барока, а таксама на здабыткі музычнай культуры "залатога веку" рок-н-рола ды арт-рока, удала сумяшчаючы іх у кантэксце плыні, якую некаторыя акрэсліваюць як "менестрэль-рок", альбо "фэнтэзі-рок". Выступае з ансамблем, адметнасцю якога з'яўляецца выкарыстанне беларускіх цымбал ды электраскрыпкі як салюючых інструментаў і спалучэнне іх з "класічным" рокавым наборам - электрагітарай, бас-гітарай ды ўдарнай устаноўкай. Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Лаўрэат конкурсаў песні: “Пецярбургскі акорд — 2008” (Расія), “OPPA — 2009” (Польшча), "Культурная эволюция - 2009" (Беларусь), “Бардаўская восень – 2009” (Польшча), "Подых струн - 2015" (Беларусь). Уладальнік тытула "Песня месяца" на радыё "Сталіца". Арганізатар конкурса беларускай бардаўскай песні "Купалаўскія вакацыі".

Fantasy Orchestra - гурт з даволі нетрывіяльным складам інструментаў: барабаны, бас, электрагітара, цымбалы ды электраскрыпка. Сама Кацярына Ваданосава з'яўляецца ў ім вакалісткай, аўтарам песень, а таксама грае на духавых інструментах. Менавіта такім наборам атрымліваецца якасна працаваць у музычным накірунку, які ўмоўна можна акрэсліць як "фэнтэзі-рок", альбо "менестрэль-рок".

Уваход вольны! Запрашаем усіх жадаючых!

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

тэл. 327 43 22