Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Лініі лёсу Уладзіміра Акулава"

  • 22.06.2017

22 чэрвеня 2017 года ў Музеі гісторыі беларускага кіно (філіяле ДУ "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь») адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы легендарнага мастака–авангардыста Уладзіміра Акулава.

У экспазіцыю ўвайшлі найбольш значныя жывапісныя творы аўтара за апошнія 35 гадоў з яго розных маштабных цыклаў. Гэта жанравыя кампазіцыі, пейзажы, нацюрморты. Сярод работ мастака – і запамінальныя аўтапартрэты, і напісаныя з натуры яркія партрэты сучаснікаў, і партрэты выбітных гістарычных дзеячаў і дзеячаў культуры, якія адрозніваюцца вялікай выразнасцю і абсалютнай пазнавальнасцю.

Уладзімір Акулаў нарадзіўся 23 красавіка 1954 года ў горадзе Баранавічы ў сям'і мастака–афарміцеля Івана Сцяпанавіча Акулава. Пазней сям'я пераехала ў горад Слуцк. Дзядзька Уладзіміра Акулава (брат бацькі) таксама быў мастаком, выкладаў у інстытуце ў Пецярбургу прадметы «плакат» і «шрыфт». У дзяцінстве Уладзімір Акулаў займаўся ў Слуцкай студыі выяўленчага мастацтва Гарадскога дома піянераў у вядомага выкладчыка Уладзіміра Садзіна, які, несумненна, аказаў вялікі ўплыў на станаўленне будучага мастака.

Творчае амплуа мастака–прафесіянала Уладзіміра Акулава пачало фармавацца падчас вучобы ў Віцебску ў 1976–1980 гг. Мастацка–графічны факультэт Віцебскага педінстытута (Віцебскі мастграф) стаў сапраўдным захавальнікам і прадаўжальнікам традыцый Віцебскай мастацкай школы. Акулаў лічыць сябе прадаўжальнікам гэтых традыцый. Асабліва моцны ўплыў аказалі на яго работы Казіміра Малевіча, Марка Шагала, Веры Ермалаевай, Эля Лісіцкага, на якіх мастак выпрацоўваў свой уласны мастацкі стыль.

Уладзімір Акулаў з'яўляецца аўтарам шэрагу маштабных тэматычных цыклаў – «Маскі і вобразы», «Партрэты», «Аўтапартрэты», «Цэрквы і манастыры», «Вайна», «Генералы», «Вялікія людзі», «Эрас і Танатос», «Нацюрморты», «Кветкі», «Самавары», «Знакамітыя яўрэі», «100 алігархаў Forbes», «Анімалістычны цыкл»,«Месцы і людзі Беларусі»,«Футбалісты»і інш. Аўтар выканаў цыклы ілюстрацый да класічных творах сусветнай літаратуры – «Дон Кіхот» Сервантэса, «Мёртвыя душы» Гогаля, «Рамэа і Джульета» Шэкспіра і інш.

Уладзімір Акулаў вядзе актыўную выставачную дзейнасць з 1985 года. Найбольш буйныя персанальныя выставы мастака наступныя: «ТРАЕКТОРЫЯ ЧАСУ» (Нацыянальны Полацкі гісторыка–культурны музей–запаведнік, Полацк, 2017), «МАЯ ДАРОГА» (Галерэя «Універсітэт культуры», Мінск, 2017); «ЗНАХОДЖАННЕ ЛЕГЕНДЫ» (Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Мінск, 2016–2017); «УЛАДЗІМІР АКУЛАЎ. ІНШАЕ»(Нацыянальны музей гісторыі і культуры, Мінск, 2016); «ДЫЯЛОГ КУЛЬТУР» (Пасольства Эквадора ў Беларусі, Мінск, 2016); «КОСМАС УЛАДЗІМІРА АКУЛАВА» (Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Мінск, 2016); «Адлюстраванне» (Цэнтральная бібліятэка Янкі Купалы, Мінск, 2016); «ВІТРАЖЫ ЧАСУ» (Віцебскі мастацкі музей, 2016); выстава да 60–годдзя мастака (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мінск, 2014); «МАСТАЦТВА БЕЗ ХЛУСНІ» (Музей «Садовае кальцо», Масква, 2013 года); «Месцазнаходжанне» (Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінск, 2013 года); дзве выставы «Нельга спыняцца» і «экспрэсіўна трэль» ў Слуцкай галерэі мастацтваў (Слуцк, 2012). Персанальныя выставы ў Ватэрлоо (Бельгія, 2000 г.); ў Галерэі «Жильбел» (Мінск, 1993. 1995); у чытальнай зале Слуцкага гарадскога парку (1985); ў Слуцкай гарадской бібліятэцы (1985). У розныя гады прымаў удзел больш чым у 20 групавых выставах у Беларусі, Расіі, Польшчы, Фінляндыі.

Работы мастака–авангардыста Уладзіміра Акулава знаходзяцца ў шматлікіх зборах Беларусі і замежжа, такіх, як: Музей сучаснага рускага мастацтва, Нью–Джэрсі; Віцебскі мастацкі музей, Віцебск; Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінск; Музей Палацава–паркавага ансамбля Румянцавых–Паскевічаў, Гомель; Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, Мінск; Слуцкая галерэя мастацтваў, Слуцк; Полацкая мастацкая галерэя, Полацк; у прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Бельгіі, Польшчы, Германіі, Югаславіі, Італіі, Украіне.

Куратар выставы «Лініі лёсу Уладзіміра Акулава» – Яўген Ксяневіч.

Месца правядзення:

Музей гісторыі беларускага кіно.

г. Мінск, вул. Свярдлова, 4, у 100 метрах ад Чырвонага касцёла.

Час працы:

Штодня: з 10.00 да 19.00

Каса: да 18.30

Кошт квіткоў:

2,5 руб. – дарослыя

2 руб. – студэнты

1,5 руб. – школьнікі і пенсіянеры

Тэл. для даведак: +375 17 327 10 75 / +375 29 627 10 75