Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Любімыя цацкі"

  • 15.06.2017

15 чэрвеня 2017 года а 15–й гадзіне ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка ў рамках праекта "Мая плюшавая любоў" пачынае сваю працу выстава "Любімыя цацкі", прадстаўленая калекцыянерам і аўтарам цацак у стылі "Тэдзі" Вольгай Дзеранчук.

Выстаўка знаёміць наведвальніка з цацкамі і лялькамі розных эпох і народаў. "Любімыя цацкі" – гэта выстава пра дзяцінства, успаміны пра тое, ва што калісьці гулялі нашы бабулі і дзядулі, мамы і таты. Каля 300 экзэмпляраў, створаных у розныя перыяды ў розных краінах свету, будуць прадстаўлены шырокай публіцы ўпершыню. Антыкварныя, вінтажныя і калекцыйныя лялькі, мядзведзі, цацкі, вялікі лялечны дом, мэбля, посуд, каляскі, кнігі і паштоўкі, а таксама эксклюзіўныя работы калекцыянера, рэстаўратара і аўтара цацак Вольгі Дзеранчук. Кожны экспанат калекцыі, са сваёй асаблівай гісторыяй і лёсам, унікальны.

У рамках выставы запланаваны дзіцячыя чытанні кніг з калекцыі 1950–2016 гг., а таксама творчыя сустрэчы з аўтарам і ўладальнікам калекцыі Вольгай Дзеранчук, якая падзеліцца займальнымі гісторыямі прадметаў, прадстаўленых на выставе, адкрые сакрэт таямнічых аўтарскіх цацак у стылі "Тэдзі".

Дапоўняць выставу аўтарскія сувеніры з медзведзянятамі: магніты, брошкі, бірулькі, паштоўкі, кішэнныя календары і мішкі "Тэдзі".

Наведаўшы выставу, гледачы мысленна вернуцца ў далёкі свет дзяцінства, у той час, "калі дрэвы былі вялікімі" і кожны дарослы зноў адчуе сябе дзіцем, а дзеці ўбачаць, якія цацкі жылі ў дзіцячых пакоях на працягу мінулага стагоддзя.

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Час працы: з 9.00 да 17.30

Каса: з 9.00 да 16.30.

Выхадны: панядзелак.

Тэлефоны для даведак:

(017) 286 – 74 – 03;