Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



2 лістапада стартуе рэспубліканская акцыя МНС «Не прапалі сваё жыццё»

Для прыцягнення ўвагі да праблемы пажараў і гібелі людзей па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ратавальнікі з 2 па 30 лістапада правядуць акцыю «Не прапалі сваё жыццё». Акрамя работнікаў МНС, у ёй прымуць удзел актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, а таксама прадстаўнікі іншых арганізацый. Мерапрыемствы пройдуць у чатыры этапы.

У рамках першага, які адбудзецца з 2 па 6 лістапада, ратавальнікі разам з актывістамі БМГАВП і студэнтамі будуць распавядаць пра бяспеку на прыпынках і ў грамадскім транспарце. Выкарыстоўваючы яркую атрыбутыку, роставыя лялькі і наглядна-выяўленчую прадукцыю, яны будуць асвятляць наступствы курэння, колькасць пажараў і людзей, якія загінулі па гэтай прычыне, а таксама заклікаць да адмовы ад згубнай звычкі. Акрамя гэтага, для прыцягнення найбольшай увагі да акцыі тэматычная інфармацыя з’явіцца на бягучых радках і на экранах у грамадскім транспарце, пунктах грамадскага харчавання, гандлёвых цэнтрах і г. д.

Месцам правядзення другога этапу акцыі – з 9 па 13 лістапада – стануць прадпрыемствы, арганізацыі, а таксама пункты грамадскага харчавання і культурна-забаўляльныя цэнтры, дзе з работнікамі і наведвальнікамі ў цікавай форме пагавораць аб пажарнай бяспецы. У працоўных калектывах адбудуцца сустрэчы, у рамках якіх ратавальнікі ў фармаце гутаркі нагадаюць пра важнасць выканання правілаў бяспекі пры курэнні і пра наступствы, якія могуць чакаць, калі ім не надаваць увагі. У пунктах грамадскага харчавання ў абедзенны час пройдуць шоу «Абед без цыгарэт», дзе прысутныя змогуць паўдзельнічаць у віктарынах і конкурсах, а таксама абмяняць цыгарэты на каштоўныя прызы. Акрамя гэтага, у кожнага жадаючага будзе магчымасць зрабіць памятныя фотаздымкі з пажарнай атрыбутыкай і роставымі лялькамі на фоне тэматычных фотасцен. Яшчэ адной цікавай актыўнасцю этапу стане «No Smoking Quiz» – інтэлектуальная камандная гульня з пытаннямі на тэму АБЖ, за пальму першынства ў якой можна атрымаць падарункі ад МНС.

У перыяд з 16 па 20 лістапада запланаваны мерапрыемствы трэцяга этапу, якія пройдуць у ВНУ, ССНУ і ва ўстановах аховы здароўя. Так, напрыклад, у студэнтаў з’явіцца магчымасць праявіць свае таленты і інтэлектуальныя здольнасці: паўдзельнічаць у інтэлектуальных гульнях і віктарынах, КВЗ, конкурсах мініяцюр і відэаролікаў, адкрытых дыялогах, тэматычных дыскатэках і інш. Падобныя формы работы, упэўнены ратавальнікі, дадуць магчымасць вучнёўскай моладзі атрымаць адказы на ўсе пытанні па бяспецы жыццядзейнасці.

Падчас фінальнага этапу, які пройдзе з 23 па 30 лістапада, будзе асабліва ярка! Удзельнікі акцыі змогуць патрапіць у «паркі атракцыёнаў» «Не прапалі сваё жыццё», якія будуць працаваць у месцах масавага знаходжання людзей: гандлёва-забаўляльных цэнтрах, на адкрытых пляцоўках, у сельсаветах і г. д.

На ўваходзе ў «парк» гасцей будзе чакаць імправізаваная каса, у якой можна атрымаць квіткі на «атракцыёны». Кошт аднаго – цыгарэта. Але як трапіць на тэрыторыю «парку» грамадзянам, якія не паляць? Усё вельмі проста: ім прапануюць прыняць клятву «Змагароў з курэннем», сфатаграфаваць і размясціць яе ў сацыяльных сетках пад хэштэгамі # завяжискурением, #112by, #непрожигайсвоюжизнь, каб заклікаць як мага больш людзей адмовіцца ад гэтай згубнай звычкі.

Пяройдзем да «атракцыёнаў», якіх будзе каля дзясятка. Так, напрыклад, на адным з іх наведвальнік зможа даведацца аб наступствах ад непатушаных цыгарэт на інтэрактыўнай карце, на другім – пагуляць у дартс, на трэцім – завязаць, у прамым сэнсе гэтага слова, з курэннем, ствараючы вузлы па паказаных алгарытмах. Сабраць пазлы, адгадаць месца размяшчэння «чароўнага арэха», паспаборнічаць у армрэслінгу з «цыгарэтай», станцаваць твіст, злавіць максімальную колькасць цыгарэт пры дапамозе попельніцы, на хуткасць забіць цвікі ў «цыгарэту», паўдзельнічаць у латарэі – нават складана апісаць, колькі актыўнасцей чакае кожнага, хто апынецца на тэрыторыі «парку» «Не прапалі сваё жыццё». На выхадзе з яго чалавек зможа не толькі забраць з сабой вялікі багаж ведаў, яркіх эмоцый і ўражанняў, але і, магчыма, кардынальна змяніць сваё жыццё, да чаго і заклікаюць ратавальнікі.

Не абыйдзецца ў гэтым годзе і без іншых фарматаў, якія дазволяць далучыцца да акцыі ўсім жадаючым, якія пражываюць нават у самых аддаленых кутках краіны. Удзельнікаў чакаюць інтэлектуальныя віктарыны ў эфірах радыёстанцый і на старонках перыядычных друкаваных выданняў, адрасная паштовая рассылка прафілактычнай інфармацыі і наглядна-выяўленчай прадукцыі, а таксама правядзенне конкурсаў на лепшы відэаролік і музычны кліп на тэму небяспекі курэння ў ложку «Я не палю ў ложку і табе не раю» і выраб «Бяспечнай попельніцы» з падручных матэрыялаў.

Акрамя гэтага, вельмі займальнай актыўнасцю стане чэлендж, сутнасць якога – паказаць, наколькі часта людзі, тыя, хто курыць на балконах, выкідваюць акуркі з вокнаў, тым самым падвяргаючы сваіх суседзяў небяспецы ўзнікнення пажару. Для гэтага групе актывістаў трэба запісаць кароткае відэа пра тое, як яны прыбіраюць акуркі пад вокнамі жылых дамоў і складаюць з іх хэштэг (напрыклад, #некури, #завяжи, #112), а затым перадаюць чэлендж, скажам, іншаму ВНУ (ССНУ).

У працэсе правядзення акцыі ратавальнікі задзейнічаюць сацыяльныя сеткі і сродкі масавай інфармацыі – ад газет і часопісаў да тэлебачання і інтэрнэт-сайтаў, сумесныя намаганні з якімі дазволяць данесці карысныя веды пра асновы бяспекі жыццядзейнасці шырокай аўдыторыі.

Не можам не прыаадкрыць заслону тайны: акцыя гэтага года запомніцца цалкам новай інфармацыйнай кампаніяй, распрацаванай Рэспубліканскім цэнтрам прапаганды, – «Не жди белочку, потуши окурок!». Менавіта яна ляжа ў аснову ўсіх мерапрыемстваў, прыцягваючы ўвагу грамадскасці сваім новым шустрым героем. Больш падрабязна пра кампанію мы раскажам зусім хутка.

Таму не заставайцеся ўбаку – далучайцеся да акцыі. Будзе цікава!