Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



18 студзеня стартуе рэспубліканская акцыя «Бяспека – у кожны дом!»

Неасцярожнае абыходжанне з агнём – самая распаўсюджаная прычына ўзнікнення пажараў. Акрамя таго, у лідарах вогненных здарэнняў – парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога абсталявання, электрапрыбораў, а таксама дзіцячыя свавольныя паводзіны з агнём. Статыстыка сведчыць, што больш за палову надзвычайных сітуацый узнікае па віне людзей, якія не ведалі правіл пажарнай бяспекі або безадказна паставіліся да іх выканання.

Каб яшчэ раз прыцягнуць увагу жыхароў краіны да гэтай тэмы, а таксама да праблемы гібелі людзей і жывёл у агні, з 18 студзеня па 19 лютага ва ўсіх кутках Беларусі ратавальнікі правядуць рэспубліканскую акцыю «Бяспека – у кожны дом!» Акцыя пройдзе ў 5 этапаў.

«Цвярозы погляд на бяспеку»

На першым этапе – з 18 па 22 студзеня – у цэнтры ўвагі ратавальнікаў будуць асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця, а месцамі правядзення стануць аддзяленнi дзённага знаходжання наркадыспансераў, апорныя пункты, а таксама цэнтры бяспекі. «Цвярозы погляд на бяспеку» – менавіта пад такім дэвізам аб’яднаюць свае намаганні ў прафілактыцы пажараў ратавальнікі, прадстаўнікі Чырвонага Крыжа Беларусі (ЧКБ), Упраўлення ўнутраных спраў, духавенства, ветэраны МНС і добраахвотнікі.

«Наш бяспечны дом»

Разам са стартам акцыі пачынаецца і агляд-конкурс «Наш бяспечны дом», накіраваны на прывядзенне ў пажарабяспечны стан дамоў і кватэр, зніжэнне колькасці пажараў і павышэнне ведаў насельніцтва ў галіне пажарнай бяспекі.

Прыняць удзел у конкурсе можа любы ахвотнік, незалежна жыве ён у доме ці кватэры. У конкурсе запланаваны 3 намінацыі: «Гэта бяспечны дом – у ім наведзены парадак!», «Зрабі мамы, таты дом з бяспечным ачагом» і «Мая печка добрая – у яе ўкладзена душа». Як бачна з назваў, намінацыі закліканы прадставіць праекты аб пажарнай бяспецы ў жыллi, аб дапамозе ў прывядзенні ў пажарабяспечны стан дамоў бацькоў і правільнай эксплуатацыі абагравальных агрэгатаў і прылад: печаў, камінаў.

Удзельнікі могуць выкарыстоўваць фармат фатаграфій ці відэаролікаў для дэманстрацыі праведзенай работы, вітаецца таксама фармат «Да і пасля». «Наш бяспечны дом» пройдзе на раённым і абласным узроўнях. Пераможцаў будуць вызначаць па найбольшай суме атрыманых балаў.

«Скарбонка бяспекi» і іншы інтэрактыў для людзей залатога ўзросту.

На другім этапе, які пройдзе з 25 па 29 студзеня, увага арганізатараў акцыі перамесціцца на грамадзян у сталым узросце з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і на жыхароў сельскіх населеных пунктаў. Для апошніх запланавана мерапрыемства «Скарбонка бяспекi», якое пройдзе паўсюдна на базе сельскіх дамоў культуры. Будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі, адбудуцца гульні і квэсты. Не застанецца без ўвагі старэйшае пакаленне і ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання. Да ўдзельнікаў і арганізатараў акцыі далучацца хлопчыкі і дзяўчынкі з Беларускага моладзевага грамадскага таварыства ратавальнікаў-пажарных (БМГТРП), работнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства (БДПТ). Ратавальнікі падрыхтавалі шмат цікавых тэматычных мерапрыемстваў, у тым ліку інтэрактыўныя гульні «Поле цудаў з МНС», «Назаві кошт», «Сакрэт бяспекі» і дыскатэку «Каму за ...»

Гульні «Дзе логіка?» і «Брэйн-рынг» для моладзі

З 1 па 5 лютага пройдзе трэці этап акцыі, мэтавай аўдыторыяй якога былі вызначаны студэнты ВНУ, ліцэяў і каледжаў. Яны стануць удзельнікамі ток-шоу «Дыялог», у якім пастараюцца вынайсці рашэнне для кожнай з існуючых праблем у галіне бяспекі жыццядзейнасці. Не абыйдзецца і без гульні «Дзе логіка?», у якой трэба звязаць з правіламі бяспечных паводзін зашыфраваныя на слайдах словы, і «Брэйн-рынг», дзе ўдзельнікі за адну хвіліну павінны адказаць на пытанні, якія тычацца правіл бяспекі.

Працоўныя калектывы

8 лютага стартуе чацвёрты этап акцыі, які працягнецца да 12 лютага. Акцэнт будзе зроблены на працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый, санаторыяў. У зручны для супрацоўнікаў час там правядуць заняткі «Формула бяспекі» і інтэрактыў «Эрудыт гульня 101 да аднаго». Работнікі МНС растлумачаць асноўныя правілы бяспекі, прывядуць статыстычныя дадзеныя, прадэманструюць тэматычныя фільмы.

Фінальныя мерапрыемствы

З 15 лютага пачнецца фінальны этап акцыі. Традыцыйна ратавальнікі разгарнуць інтэрактыўныя пляцоўкі ў месцах масавага знаходжання людзей: у гандлёвых цэнтрах, на адкрытых пляцоўках, улічваючы, канешне, прытрымліванне эпідэміялагічных норм.

Падчас акцыі таксама будуць выкарыстаны магчымасці працы ў анлайн-фармаце – праз сацыяльныя сеткі і мэсэнджэры. Гэта будуць заняткі, лекцыі праз інтэрнэт, адрасная рассылка буклетаў і карэспандэнцыі, размовы па тэлефоне ў фармаце «На сувязі ратавальнікі...» для людзей з абмежаваным кантактам.

На розных этапах акцыі да ратавальнікаў далучацца работнікі іншых служб і арганізацый, добраахвотнікі БДПТ, прадстаўнікі ЧКБ, актывісты БМГТРП. Акрамя гэтага, на працягу ўсіх этапаў акцыі МНС будзе актыўна супрацоўнічаць са сродкамі масавай інфармацыі: у перыяд правядзення мерапрыемства па тэлебачанні будуць трансліравацца тэматычныя відэаролікі, радыёэфір папоўніцца адпаведнай аудыяiнфармацыяй, а ў розных відах СМІ размесцяцца артыкулы, накіраваныя на папярэджанне надзвычайных сітуацый.