Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



БІБЛІЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ 1517 ГОДА

Каб убачыць кнігу Скарыны, трэба прайсці праз дзве залы выставы “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”. Выстава ўяўляе сабой, без перабольшвання, збор выбраных твораў – музейных прадметаў высокай і найвышэйшай гістарычнай і мастацкай каштоўнасці, прадстаўленых у тэматычных блоках. Экспанатаў не занадта шмат, але да меры, і кожнаму з іх знойдзена найлепшая для агляду пазіцыя. Асвятленне залаў зрэжысіравана так, што выводзіць наведвальнікаў у літаральным сэнсе “ад цемры да святла” – ад таямнічых прыцемкаў археалагічнай залы, праз больш асветленаю прастору з абразамі і культавым начыннем розных канфесій да мяккага святла самай вялікай залы з маштабнымі полацкімі фрэскамі ХІІ ст., першакласнымі ўзорамі драўлянай храмавай скульптуры XVIII ст., свецкага і культавага жывапісу ХІХ–ХХ ст. І асвятленне, і маршрут руху выбудаваны так, каб урэшце рэшт прывесці наведвальнікаў да галоўнага экспаната – кнігі Францыска Скарыны.

Кніга знаходзіцца ў невялікай, вельмі зручнай для агляду вітрыне. Пры ўваходзе ў залу адразу насупраць, на дастатковай дыстанцыі заўважаеш свячэнне, якое сыходзіць ад вітрыны на фоне вялікай чорна–белай гравюры. Такі эфект стварае адмысловая падсветка, скіраваная на выданне першых дзесяцігоддзяў XVI ст.

У вітрыне ляжыць раскрытая кніга. Выгляду яе вельмі пасуе вызначэнні – утульная, хатняя. У наведвальнікаў ва ўзросце 40+, якія ў дзяцінстве любілі чытаць, пры позірку на яе напэўна варухнецца пачуццё колішняй асалоды, калі такога ж памеру, дастаткова тоўстая кніга чакала дома; чытаць яе зручна і старонак наперадзе яшчэ шмат, і не хочацца, каб яна заканчвалася…

А між тым, у вітрыне – Біблія, самы велічны твор на ўсе часы. Пра Біблію. Больш за тое, гэты экспанат толькі выглядае, як адна кніга. Насамрэч пад адной вокладкай сабрана шэсць самастойных кніг, невялікая частка з тых, што ўваходзяць у склад усёй Бібліі. Такі зборнік завецца “канвалют”. У выставачным канвалюце знаходзяцца выданні, якія ў розны час выйшлі з пражскай друкарні Францыска Скарыны ў перыяд з 1517 па 1519 гг. Канвалют з кнігамі Францыска Скарыны

Найменшая з книг, Песня Песняў мае ўсяго 12 аркушаў, альбо 24 старонкі; у найбольшай, Прытчах Саламона – 94 аркушы. Увесь канвалют утрымлівае 284 аркушы. Кнігі ўпрыгожаны выдатнымі гравюрамі. Скарына так і друкаваў сваю Біблію – асобнымі выпускамі. Пераклады Бібліі. Асаблівасці.

Прадстаўлены зборнік належыць Дзяржаўнаму гістарычнаму музею, што на Краснай плошчы ў Маскве. Яго кіраўнікі зычліва далі згоду прывезці гэтыя кнігі ў Нацыянальны гістарычны музей для паказу на юбілейнай (у гонар 500–годдзя беларускага книгадрукавання) выставе, за што мы шчыра выказваем вялікую падзяку нашым калегам з ДГМ. Асобна падкрэслім, што зборнік не толькі ўпершыню прывезены ў Беларусь, але дэманструецца на выставе першы раз пасля складанай рэстаўрацыі.

Канвалют раскрыты на апошніх старонках Кнігі Ісуса Сірахава, дзе знаходзіцца самая значная і знакавая з усіх скарынаўскіх гравюр – аўтапартрэт. Кніга Ісуса Сірахава. Вітрына дае магчымасць убачыць арыгінал максімальна блізка, разгледзець старонкі ва ўсіх падрабязнасцях. Перад гледачом – арыгінал, якому 5 снежня гэтага, 2017 г. споўніцца 500 год. Гэтая шматфігурная, па–майстэрску выкананая, ужо хрэстаматыйная і шырока растыражыраваная гравюра захавалася выдатна. Толькі палі вакол яе амаль зніклі і заменены рэстаўрацыйнай падводкай.

Старонкі выглядаюць свежымі, з подыхам новай энергіі. Аднак гэта зусім не новенькі том, які толькі што з друкарні. Бачны сляды плямаў воску, цёмнага ад перагарэлага кноту; бачны лініі страчаных фрагментаў паперы, бялёсыя ўчасткі з танюткай рэстаўрацыйнай паперай, якая не дасць разбурацца арыгіналу. А скарынаўскі шрыфт, густа чорны, выглядае фантастычна, быццам толькі што з–пад прэсу; можна нават убачыць зіхоткасць фарбы, калі знайсці патрэбны ракурс.

На правай старонцы кнігі – партрэт, на левай – перакладзены Скарынам тэкст, набраны трохкутнікам–касынкай; пад ім – пасляслоўе, непасрэдна напісанае асветнікам. І ўсё гэта расчытваецца, не з першага, то з трэццяга разу. Хоць злучнікі і прыназоўнікі са словамі яшчэ напісаны разам, але словы між сабою ўжо раздзелены і ёсць знакі прыпынку… У тэксце, які на суседняй з партрэтам старонцы, сказана пра тое, што навучанне трэба чалавеку болей за срэбра і золата і што гэтая работа атрымае ўзнагароду ў свой час.

У канвалюце шэсць кніг, а раскрыта толькі адна. Старонкі іншых кніг зборніка можна ўбачыць у інфакіёску ў гэтай жа зале, там жа змешчаны каментарыі да зместу кніг і гравюр. Лічбавыя старонкі для агляду скапіяваны з кніг таго самага, пражскага тыражу, але з іншых экземпляраў. Аднак пры жаданні ўбачыць старонкі менавіта з канвалюта, што выстаўлены ў вітрыне, трэба спусціцца на першы паверх у залы экспазіцыі “Старажытная Беларусь”. Там у асобнай зале дзейнічае VEB–праектар. “Легким движением руки”, плаўна праводзячы далонню над праектарам, можна гартаць выбраныя старонкі трох кніг выставачнага канвалюта: яны ўзнікнуць перад вачыма на вялікім вертыкальным экране. І гэта, сапраўды, уражвае.

Зборнік аўтэнтычных кніг Скарыны будзе знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэсублікі Беларусь да сярэдзіны снежня. Затым ён вернецца ў Маскву, у Дзяржаўны гістарычны музей.